Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Пра Мааў так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: гора Нэво! ён спустошаны; Карыятаім пасаромлены і ўзяты; Мізгаў пасаромлены і разьбіты. Няма болей славы Маава; у Эсэвоне намышляюць супроць яго ліхое: «хадзем», скасуем яго зь ліку народаў«. І ты, Мадмэна, загінеш; меч ідзе сьледам за табою. Чуцен лямант ад Аранаіма, спусташэньне і разбурэньне вялікае. Разьбіты Мааў; ляманту нарабілі дзеці ягоныя. На ўзыходзе ў Лухіт плач і плач падымаецца; і на спуску з Аранаіма непрыяцель чуе лямант пра руйнаваньне. Уцякайце, ратуйце жыцьцё сваё, і будзьце падобныя на голае дрэва ў пустыні. Як бо ты спадзяваўся на дзеі твае і на скарбы твае, дык і ты будзеш узяты, Хамос пойдзе ў палон, разам са сваімі сьвятарамі і сваімі князямі. І прыйдзе спусташальнік на ўсякі горад, і горад не ацалее; і загіне даліна, і апусьцее раўніна, як сказаў Гасподзь. Дайце крылы Мааву, каб ён мог паляцець; гарады яго будуць пустыняю, бо ня будзе каму жыць у іх. Пракляты, хто справу Гасподнюю робіць абы як, і пракляты, хто стрымлівае меч Яго ад крыві! Мааў з маладосьці сваёй быў у спакоі, сядзеў на дрожджах сваіх і яго не пералівалі з посуду ў посуд, і ў палон не хадзіў; таму і заставаўся ў ім смак яго, і пах яго не мяняўся. Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я прышлю да яго пералівальнікаў, якія перальюць яго і спарожняць посуд яго, і паб'юць збаны ягоныя. І пасаромлены будзе Мааў дзеля Хамоса, як дом Ізраілеў пасаромлены быў дзеля Вэтыля, надзеі сваёй. Як вы кажаце: »мы людзі адважныя і моцныя для вайны?« спустошаны Мааў, і гарады яго гараць, і адборныя хлопцы яго пайшлі на закол, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго. Блізкая пагібель Маава, і вельмі сьпяшаецца бедства ягонае. Пашкадуйце яго ўсе суседзі ягоныя, і ўсе, хто ведае імя яго, скажэце: »як паламана жазло сілы, посах славы!« Сыдзі з вышыні велічы і сядзі ў смазе, дачка — жыхарка Дывона; бо спусташальнік Маава прыйдзе да цябе і зруйнуе ўмацаваньні твае. Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра, пытайся ў таго, хто бяжыць і ратуецца: »што сталася?" Пасаромлены Мааў, бо разьбіты; галасеце і енчыце, абвясьцеце ў Арноне, што спустошаны Мааў. І суд прыйшоў на раўніны, на Халон і на Яацу, і на Мафат, і на Дывон і на Нэво, і на Бэт-Дыўлатаім, і на Карыятаім і на Бэт-Гамул, і на Бэт-Маон, і на Керыот на Васор, і на ўсе гарады зямлі Маавіцкай, далёкія і блізкія. адсечаны рог у Маава, і мышца яго зламана, кажа Гасподзь Напаеце яго п'яным, бо ён падняўся супроць Госпада: і хай Мааў качаецца ў ванітах сваіх, і сам будзе пасьмешышчам. Ці ня быў пасьмешышчам, у цябе Ізраіль? хіба ён быў злоўлены сярод злодзеяў, што ты, бывала, як толькі загаворыш пра яго, круціш галавою? Пакіньце гарады і жывеце на скалах, жыхары Маава, і будзьце, як галубы, якія робяць гнёзды каля ўваходу ў пячору. Мы чулі пра гонар Маава, гонар надмерны, пра ягоную пыху і фанабэрыю, і задавацтва яго і ганарлівасьць сэрца ягонага. Ведаю Я дзёрзкасьць ягоную, кажа Гасподзь, але гэта — ненадзейна; пустыя словы ў яго: ня так зробяць. Таму буду галасіць па Мааве і енчыць па ўсім Мааве; будуць уздыхаць па мужчынах Кірхарэса. Буду плакаць па табе, вінаграднік Сэвамскі, плачам Язэра; галіны твае распасьцерліся за мора, дасталі да возера Язэра; спусташальнік напаў на летнія плады твае і на сьпелы вінаград. Радасьць і весялосьць забраны ў Карміла і ў зямлі Маава. Я паклаў крэс віну ў чавільнях; ня будуць болей таптаць у іх зь песьнямі; крык бітвы будзе, а ня крык радасьці. Ад ляманту Эсэвона да Элеалы і да Яацы яны падымуць голас свой ад Сігора да Аранаіма, да трэцяй Эглы, бо і воды Німрыма высахнуць. Зьнішчу ў Маава, кажа Гасподзь, тых, што прыносяць ахвяры на вышынях і кадзяць божышчам ягоным. Таму сэрца маё стогне па Мааве як жалейка; па жыхарах Кірхарэса стогне сэрца маё як жалейка, бо багацьці, імі здабытыя, загінулі: у кожнага галава голая і ў кожнага барада ўкарочаная; ва ўсіх на руках драпіны і на сьцёгнах вярэта. На ўсіх дахах Маава і на вуліцах яго агульны плач, бо Я разьбіў Маава, як непатрэбны посуд, кажа Гасподзь. Які разьбіты ён, будуць казаць галосячы; як Мааў пакрыўся сорамам, паказаўшы сьпіну! і будзе Мааў пасьмешышчам і жахам усім, хто акружае яго, бо так кажа Гасподзь: вось, як арол, паляціць ён і раскіне крылы свае над Маавам. Гарады будуць узятыя, і цьвярдыні заваёваны, і сэрца адважных Маавіцян будзе ў той дзень як сэрца жанчыны, што пакутуе ў родах. І вынішчаны будзе Мааў зь ліку народаў, бо ён паўстаў супроць Госпада. Жудасьць і яма і шворка — табе, жыхар Маава, сказаў Гасподзь. Хто ўцячэ ад жудасьці, — упадзе ў яму; а хто выйдзе зь ямы, — трапіць у шворку; бо Я навяду на яго, на Маава, гадзіну наведваньня іх, кажа Гасподзь. Пад ценем Эсэвона спыніліся ўцекачы, зьнясілеўшы; але агонь выйшаў з Эсэвона і полымя з асяродзьдзя Сігона, і зжарэ бок Маава і цемя сыноў мяцежных. Гора табе, Мааве! загінуў народ Хамоса, бо сыны твае ўзяты ў палон, і дочкі твае — у палон, але апошнімі днямі вярну палон Маава, кажа Гасподзь. Дагэтуль суд на Маава.
Выбор основного перевода