Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Слухай, неба, я прамаўляцьму; і слухай, зямля, словы вуснаў маіх. Пральецца як дождж вучэньне маё, як раса мова мая, як дробны дождж на зяленіва, як зьліва на траву. Імя Госпада праслаўлю; узьнясеце славу Госпаду нашаму. Ён цьвярдыня; дасканалыя дзеі Ягоныя, і ўсе шляхі Яго праведныя; Бог правільны і няма няпраўды ў Ім; Ён праведны і ісьціны; але яны разбэсьціліся прад Ім, яны ня дзеці Ягоныя ў сваіх заганах, род упарцісты і разбэшчаны. Ці гэта аддаяце вы Госпаду, народ неразумны і няцямны? ці ж ня Ён Айцец твой, Які засвоіў цябе, стварыў цябе і ўладзіў цябе? Згадай пра дні старадаўнія, падумай пра гады ранейшых родаў; спытайся ў бацькі тайго, і абвесьціць табе, у старцаў тваіх, і яны скажуць табе. Калі Ўсявышні даваў надзелы народам і расьсяляў сыноў чалавечых, тады паставіў межы народаў па ліку сыноў Ізраілевых; бо доля Госпада народ Ягоны; Якаў спадчынны надзел Ягоны. Ён знайшоў яго ў пустыні, у стэпе панылым і дзікім, асланяў яго, даглядаў яго, ахоўваў яго, як вока Сваё; як арол будзіць гняздо сваё, носіцца над птушанятамі сваімі, распасьцірае крылы свае, бярэ іх і носіць іх на перэі сваім, так Гасподзь адзін вадзіў яго, і ня было зь ім чужога бога. Ён узьнёс яго на вышыні зямлі і карміў пладамі палёў, і паіў яго мёдам з каменя і алеем зь цьвёрдай скалы, маслам каровіным і малаком авечым, і тлушчам ягнятаў і бараноў Васанскіх і казлоў, і тлустаю пшаніцаю, і ты піў віно, кроў вінаградных ягад. І атлусьцеў Ізраіль, і зрабіўся зацяты; атлусьцеў, патаўсьцеў і распасьвіўся; і пакінуў ён Бога, які стварыў яго, і пагардзіў цьвярдыняю выратаваньня свайго. Багамі чужымі яны раздражнілі Яго, і мярзотамі Яго ўгневілі: прыносілі ахвяры дэманам, а ня Богу, божышчам, якіх яны ня ведалі, новым, якія прыйшлі ад суседзяў і пра якіх ня думалі бацькі вашыя. А Скала, Якая спарадзіла цябе, ты забыў, і не памятаў Бога, Які стварыў цябе. Гасподзь убачыў, і ў абурэньні пагардзіў сынамі Сваімі і дочкамі Сваімі, і сказаў: схаваю аблічча Маё ад іх і ўбачу, які будзе іхні канец; бо яны род разбэшчаны, дзеці, у якіх няма вернасьці; ня богам яны раздражнілі Мяне, марнасьцю сваёю Мяне засмуцілі: і Я раздражню іх не народам, народам бязглуздым іх засмучу; бо агонь запаліўся ў гневе Маім, паліць да пекла апраметнага, і паядае зямлю і плады яе, і спальвае падваліны гор; зьбяру на іх бядоты і патрачу на іх стрэлы Мае: будуць зьнясілены голадам, зьнішчаны гарачкаю і заразаю лютай; і пашлю на іх іклы зьвярыныя і яд паўзуноў зямных; звонку будзе губіць іх меч, а ў дамах — вусьцішнасьць — і хлапца і дзяўчыну, і немаўля і пакрытага сівізнаю старца. Я сказаў бы: «расьсею іх і згладжу з асяродзьдзя людзей памяць пра іх». але адклаў гэта дзеля азлабленьня ворагаў, каб ворагі ягоныя не заносіліся і не сказалі: нашая рука высокая, і не Гасподзь зрабіў усё гэта. Бо яны народ, які страціў розум, і няма ў іх сэнсу. О, калі б яны памеркавалі, падумалі пра гэта, уразумелі, што зь імі будзе! як бы мог адзін перасьледаваць тысячу і двое прагнаць цемру, калі б Скала іхняя ня выдаў іх, і Гасподзь не аддаў іх! бо скала іхняя не такая, як нашая Скала; самі ворагі нашыя судзьдзі ў тым. Бо вінаград іхні ад вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх; ягады іхнія ядавітыя, гронкі іх горкія; віно іхняе яд драконаў і пагібельная труцізна асьпідаў. Ці не схавана гэта ў Мяне? ці не запячатана ў сховах Маіх? У Мяне помста і аддача, калі пахісьнецца нага іхняя; бо блізкі дзень пагібелі іх, неўзабаве настане ўгатаванае ім. Але Гасподь судзіцьме народ Свой і з рабоў Сваіх умілажаліцца, калі Ён угледзіць, што рука іхняя аслабла, і не засталося ні заключаных, ні тых, што засталіся звонку. Тады скажа Гасподзь; дзе багі іхнія, цьвярдыня, на якую яны спадзяваліся, якія елі тлушч ад ахвяраў іхніх і пілі віно паліваньняў іхніх? няхай яны паўстануць і дапамогуць вам, няхай будуць ім покрывам! Бачыце сёньня, што гэта Я, Я — і няма Бога, апрача Мяне; Я ўсьмерчваю і ажыўляю, Я бэю і ацаляю, і ніхто ня выбавіць ад рукі Маёй. Я падымаю да нябёсаў руку Маю і кажу: Я жыву вечна! Калі навастру бліскучы Мой меч, і рука Мая прыме суд, дык адпомшчу ворагам Маім і ненавісьнікам Маім аддам; напаю стрэлы Маёю крывёю, і меч Мой насыціцца целам, крывёю забітых і палонных, галовамі правадыроў ворага. Радуйцеся, язычнікі, з народам Ягоным! бо Ён адпомсьціць за кроў рабоў Сваіх, і аддасьць помсту ворагам Сваім, і ачысьціць зямлю Сваю і народ Свой!
Выбор основного перевода