Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Першая Летапісаў
Параллельные места
Вось галоўныя мацакі ў Давіда, якія многа супрацоўнічалі зь ім у царстве ягоным, разам з усім Ізраілем, каб паставіць яго царом, па слове Гасподнім, над Ізраілем, і вось лік мацакоў, якія былі ў Давіда: Есваал, сын Ахамані, галоўны з трыццаці: ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек і пабіў іх за адзін раз. Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахахэяніна, адзін з трох мацакоў: ён быў з Давідам у Фасдаміме, куды Філістымляне сабраліся на вайну. Там частка поля была засеяна ячменем, і народ пабег ад Філістымлянаў; але яны сталі сярод поля, убераглі яго і пабілі Філістымлянаў. І дараваў Гасподзь выратаваньне вялікае! Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў падняліся на скалу да Давіда, у пячору Адалам, калі табар Філістымлянаў быў разьмешчаны ў даліне Рэфаімавай. Давід тады быў ва ўмацаваным месцы, а ахоўнае войска Філістымлянаў было тады ў Віфляеме. І моцна захацелася піць Давіду, і ён сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы? Тады гэтыя трое прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі, і прынесьлі Давіду. Але Давід не захацеў піць яе і выліў яе ў славу Госпада, і сказаў: аслані мяне Гасподзь, каб я зрабіў гэта! Ці ж буду я піць кроў мужоў гэтых, якія клалі душы свае? Бо зь небясьпекай свайму жыцьцю яны прынесьлі ваду. І не захацеў піць яе. Вось што зрабілі гэтыя тры мацакі. І Авэса, брат Ёава, быў галоўны з трох: ён забіў дзідай сваёй трыста чалавек, і быў у славе ў тых трох. З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнікам; але з тымі трыма не раўняўся. Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцэпла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове, у сьнежны час; ён жа забіў Егіпцяніна, чалавека ростам у пяць локцяў: у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, як навой у ткачоў, а ён падышоў да яго з кіем і, вырваўшы дзіду з рукі Егіпцяніна, забіў ягонай жа дзідай: вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдая, і ён быў у славе ў тых трох мацакоў; ён быў больш знакаміты за тых трыццацёх, але з трыма не раўняўся, і Давід паставіў яго бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў. А галоўныя з воінаў: Асаіл, брат Ёава: Элханан, сын Дадо, зь Віфляема; Шама Гарадыцянін; Хэрэц Пэланіцянін; Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін; Эвіезэр Анатацянін; Сіўхай Хушацянін; Ілай Ахахіянін. Магарай Нэтафатыцянін; Хэлэд, сын Вааны, Хэтафацянін; Ітай; сын Рыбая, зь Гівы Веньямінавай: Ванэя Піратанянін: Хурай з Нагалэ-Гааша; Авіел з Аравы; Азмавэт Бахаруміянін; Эліяхба Шаалбанянін. Сыны Гашэма Гізаніцяніна: Ёнатан, сын Шаге, Гарарыцянін; Ахіям, сын Сахара, Гарарыцянін; Эліфал, сын Уры; Хэфэр з Махэры; Ахія Пэланіцянін; Хэцрой Кармэліцянін; Наарай, сын Эзбая; Ёіл, брат Натана; Міўхар, сын Гагрыя; Цэлэк Аманіцянін; Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі; Іра Ітрыянін; Гарэб Ерыянін; Урыя Хэтэянін; Адына, сын Шызы, Рувімлянін, узначалец Рувімлянаў, і ў яго, было трыццаць; Ханан, сын Маахі; Ёсафат Мітніянін; Узія Аштэрацянін; Шама Еэл, сыны Хатама Араэраніна; Едэяэл, сын Шымрыя, і Ёха, брат ягоны, Тыціянін; Эліел з Махавіма, і Ерывай і Ёшавія, сыны Элнаама, і Ітма, Маавіцянін; Эліел, Авэд і Ясіел з Мэцаваі. І сабраў усіх князёў Ізраілевых і сьвятароў і лявітаў, Вось сыны Ізраілевыя па ліку іх, узначальцы сямействаў, тысячнікі і сотнікі і кіроўцы, якія па аддзяленьнях служылі цару ва ўсіх справах, прыходзячы і адыходзячы кожнага месяца, ва ўсе месяцы года. У кожным аддзяленьні было іх па дваццаць чатыры тысячы. Над першым аддзяленьнем, для першага месяца, начальнічаў Яшавам, сын Заўдыіла; у ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы; ён быў з сыноў Фарэса, галоўны над усімі ваеначальнікамі ў першы месяц. Над аддзяленьнем другога месяца быў Дадай Ахахіянін; у аддзяленьні ягоным быў і князь Міклот, і ў ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы. Трэці галоўны ваеначальнік, для трэцяга месяца, Ванэя, сын Ёдая, сьвятара, і ў ягоным аддзяленьні было дваццаць чатыры тысячы: гэты Ванэя — адзін з трыццаці адважных і начальнік над імі, і ў ягоным аддзеле быў Амізавад, сын ягоны. Чацьвёрты, для чацьвёртага месяца, быў Асаіл, брат Ёава, і пасьля яго Завадыя, сын ягоны, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Пяты, для пятага месяца, князь Шамгут Ізрахіцянін, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Шосты, для шостага месяца, Іра, сын Ікеша, Тэкаянін, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Сёмы, для сёмага месяца, Хэлец Пэланіцянін, з сыноў Яфрэмавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Восьмы, для восьмага месяца, Савахай Хушацянін з племя Зары, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Дзявяты, для дзявятага месяца, Авіезэр Анатацянін, з сыноў Веньямінавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Дзясяты, для дзясятага месяца, Магарай Нэтафацянін, з племя Зары, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Адзінаццаты, для адзінаццатага месяца, Ванэя Піратанянін, з сыноў Яфрэмавых, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. Дванаццаты, для дванаццатага месяца, Хэлдай Нэтафацянін, з нашчадкаў Гатанііла, і ў ягоным аддзяленьні дваццаць чатыры тысячы. А над плямёнамі Ізраілевымі, — у Рувімлян галоўным начальнікам быў Эліезэр, сын Зіхры; у Семяона — Сафатыя, сын Маахі; у Левія — Хашавія, сын Кемуіла; у Аарона — Садок; у Юды — Эліяў, з братоў Давіда; у Ісахара — Омры, сын Міхаіла; у Завулона — Ішмая, сын Авадыі; у Нэфталіма — Ерымот, сын Азрыіла; у сыноў Яфрэмавых — Асія, сын Азазіі; у паўплемя Манасіінага — Ёіль, сын Фэдаі; у паўплемя Манасіі ў Галаадзе — Ідо, сын Захара; у Веньяміна — Яасііл, сын Авэніра; У Дана — Азарыіл, сын Ерахама. Вось правадыры плямёнаў Ізраілевых. Давід не рабіў пераліку тых, якія былі ад дваццаці гадоў і ніжэй, бо Гасподзь сказаў, што Ён памножыць Ізраіля, як зоркі нябесныя. Ёаў, сын Саруі, пачаў рабіць пералічэньне, але не закончыў. І быў за гэта гнеў Божы на Ізраіля, і не ўвайшло тое пералічэньне на летапіс цара Давіда. Над скарбамі царскімі быў Азмавэт, сын Адыілаў, а над запасамі ў полі, у гарадах і ў сёлах і ў вежах — Ёанатан, сын Узіі; над тымі, што займаюцца польнай працай, земляробствам, — Эзрый, сын Хэлува; над вінаграднікамі — Шымэй з Рамы, а над запасамі віна ў вінаградніках — Заўдый з Шэфама; над масьлінамі і смакоўніцамі ў даліне — Баал-Ханан Гедэрыцянін, а над запасамі драўніннага алею — Ёас; над буйным быдлам, якое пасьвіцца ў Шароне — Шытрай Шаранянін, а над быдлам у далінах — Шафат, сын Адлая; над вярблюдамі — Авіл Ісмаільцянін; над асьліцамі — Ехдыя Мэраніцянін; над дробным быдлам — Язіз Агарыцянін. Усе гэтыя былі начальнікамі над маёмасьцю, якая была ў цара Давіда.
Першая Летапісаў
Выбор основного перевода