Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: скажы сынам Ізраілевым: калі жанчына зачне і народзіць немаўля мужчынскага полу, дык яна нячыстая будзе сем дзён; як у дні пакутніцтва яе ачышчэньнем, яна будзе нячыстая; а на восьмы дзень абрэжацца крайняя плоць ягоная; і трыццаць тры дні павінна яна сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх; ні да чога сьвяшчэннага не павінна дакранацца і да сьвяцілішча не павінна падыходзіць, пакуль ня мінуцца дні ачышчэньня яе. калі ж яна народзіць немаўля жаночага полу, дык падчас ачышчэньня свайго яна будзе нячыстая два тыдні, і шэсьцьдзясят шэсьць дзён трэба сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх. Пасьля заканчэньня дзён ачышчэньня свайго за сына, альбо за дачку, яна павінна прынесьці гадавалае ягня на цэласпаленьне і маладога голуба альбо галубку ў ахвяру за грэх, да ўваходу ў скінію сходу да сьвятара; ён прынясе гэта прад аблічча Госпада і ачысьціць яе, і яна будзе чыстая ад цёку крыві яе. Вось закон пра парадзіху немаўляці мужчынскага альбо жаночага полу. А калі яна ня можа прынесьці ягняці, дык няхай возьме дзьве галубкі альбо два маладыя галубы, аднаго на цэласпаленьне, а другога ў ахвяру за грэх, і ачысьціць яе сьвятар, і яна будзе чыстая. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: калі ў каго выхапіцца на скуры цела ягонага пухліна, альбо лішаі, альбо пляма, і на скуры цела ягонага зробіцца як бы струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да Аарона сьвятара, альбо да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў; сьвятар агледзіць струплю на скуры цела, і калі валасы на струплі зьмяніліся на белыя, і струпля паглыбленая ў скуру цела ягонага, дык гэта струпля праказы: сьвятар, агледзеўшы яго, абвесьціць яго нячыстым. А калі на скуры цела ягонага пляма белая, але яна не заглыбленая ў скуру, і валасы на ёй не зьмяніліся на белыя, дык сьвятар таго, хто мае струплю, павінен затачыць на сем дзён; на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі струпля застаецца ў сваім выглядзе і не пашыраецца струпля па скуры, дык сьвятар павінен затачыць яго яшчэ на сем дзён; на сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго, і калі струпля менш прыкметная і не пашырылася струпля па скуры, дык сьвятар павінен абвясьціць яго чыстым: гэта лішай, і няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты. А калі лішаі пачнуць пашырацца па скуры, пасьля таго як ён зьяўляўся да сьвятара дзеля ачышчэньня, дык ён другі раз павінен зьявіцца да сьвятара; сьвятар, убачыўшы, што лішаі пашыраюцца па скуры, абвяшчае яго нячыстым: гэта праказа. Калі будзе на кім струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да сьвятара; сьвятар агледзіць, і калі пухліна на скуры белая, і валасы зьмяніліся на белыя, і на пухліне жывое мяса, дык гэта застарэлая праказа на скуры цела ягонага; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым і заточыць яго, бо ён нячысты. А калі праказа распусьціцца па скуры, і пакрые праказа ўсю скуру хворага ад галавы ягонай да ног, колькі могуць бачыць вочы сьвятаровыя, і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, — дык ён абвесьціць хворага чыстым, бо ўсё ператварылася ў белае: ён чысты. А калі выявіцца на ім жывое мяса, дык ён нячысты; сьвятар, убачыўшы жывое мяса, абвесьціць яго нячыстым; жывое мяса нячыстае: гэта праказа. А калі жывое мяса зьменіцца і ператворыцца ў белае, няхай ён прыйдзе да сьвятара; сьвятар агледзіць яго, і калі струпля ператварылася ў белае, сьвятар абвесьціць хворага чыстым: ён чысты. Калі ў каго на скуры цела быў пухір і загоіўся, і на месцы пухіра зьявілася белая пухліна, альбо пляма белая, альбо чырванаватая, дык ён павінен зьявіцца да сьвятара; сьвятар агледзіць яго, і калі яна будзе ніжэй скуры, і валасы яго зьмяніліся на белыя, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы, яна распусьцілася на пухіры; а калі сьвятар убачыць, што валасы на ёй белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён; калі яна пачне вельмі пашырацца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля; а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца, дык гэта запаленьне пухіра, і сьвятар абвесьціць яго чыстым. Альбо калі ў каго на скуры цела будзе абпаліна, і на месцы загоенай абпаліны будзе чырванаватая альбо белая пляма, і сьвятар убачыць, што валасы на пляме зьмяніліся на белыя, і яна будзе заглыбленая ў скуры, дык гэта праказа, яна распусьцілася на абпаліне; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы; а калі сьвятар убачыць, што валасы на пляме ня белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён; на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі яна вельмі пашырыцца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы; а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца па скуры, і пры тым мала прыкметная, дык гэта пухліна ад апёку; сьвятар абвесьціць яго чыстым, бо гэта запаленьне ад апёку. Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны будзе струпля на галаве, альбо на барадзе, і агледзіць сьвятар струплю, і яна будзе заглыбленая ў скуры і валасы на ёй жаўтлявыя і тонкія, дык сьвятар абвесьціць іх нячыстымі: гэта пархатасьць, гэта праказа на галаве, альбо на барадзе; а калі сьвятар агледзіць струплю пархатасьці, і яна ня будзе заглыбленая ў скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык сьвятар таго, хто мае струплю пархатасьці заточыць на сем дзён; на сёмы дзень сьвятар агледзіць струплю, і калі пархатасьць не пашыраецца, і няма на ёй жаўтлявых валасоў, і пархатасьць ня будзе заглыбленая ў скуры, дык хворага трэба астрыгчы, але пархатага месца не абстрыгаць, і сьвятар павінен пархатага другі раз затачыць на сем дзён; на сёмы дзень сьвятар агледзіць пархатасьць, і калі пархатасьць не пашыраецца па скуры і ня будзе заглыбленая ў скуры, дык сьвятар абвесьціць яго чыстым: няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты. А калі пасьля ачышчэньня ягонага будзе вельмі пашырацца пархатасьць па скуры, і сьвятар убачыць, што пархатасьць пашыраецца па скуры, дык сьвятар няхай ня шукае жаўтлявых валасоў: ён нячысты; а калі пархатасьць застаецца ў сваім выглядзе, і паказваецца на ёй чорны волас, дык пархатасьць прайшла, ён чысты: сьвятар абвесьціць яго чыстым. Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны на скуры цела іхняга будуць плямы, плямы белыя, і сьвятар убачыць, што на скуры цела іхняга плямы бледна-белыя, дык гэта лішай, які распусьціўся на скуры: ён чысты. Калі ў каго на галаве вылезьлі валасы, дык гэта пляшывы, ён чысты: а калі на пярэднім баку галавы вылезьлі валасы, дык гэта лысы: ён чысты. Калі ж на плешыне альбо на лысіне будзе белая альбо чырванаватая пляма, дык на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай распусьцілася праказа; сьвятар агледзіць яго, і калі ўбачыць, што пухліна струплі ягонай белая альбо чырванаватая на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай, з выгляду падобная на праказу скуры цела, дык ён пракажоны, нячысты ён: сьвятар павінен абвясьціць яго нячыстым, у яго на галаве струпля. У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: нячысты! нячысты! Усе дні, пакуль на ім струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае. Калі струпля праказы будзе на вопратцы, на вопратцы ваўнянай, альбо на вопратцы ільнянай, альбо на аснове, альбо на ўтоку з ільну, альбо воўне, альбо на скуры, альбо на якім-небудзь вырабе скураным, і пляма будзе зеленаватая альбо чырванаватая на вопратцы, альбо на скуры, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, — дык гэта струпля праказы: трэба паказаць яе сьвятару; сьвятар агледзіць струплю і заточыць заражанае струпляю на сем дзён; на сёмы дзень агледзіць сьвятар заражанае, і калі струпля пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па скуры, альбо па якім-небудзь вырабе, зробленым са скуры, дык гэта праказа ўедлівая, струпля нячыстая; ён павінен спаліць вопратку, альбо аснову, альбо ўток ваўняны ці ільняны, альбо якую б то ні было скураную рэч, на якой будзе струпля, бо гэта праказа ўедлівая: трэба спаліць на агні. А калі сьвятар убачыць, што струпля не пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па якой бы там ні было скураной рэчы, дык сьвятар загадае абмыць тое, на чым струпля, і другі раз затачыць на сем дзён; калі пасьля абмываньня заражанай рэчы сьвятар убачыць, што струпля не зьмяніла выгляду свайго, і не пашырылася струпля, дык яна нячыстая, спалі яе на агні; гэта выедзеная яміна на правым баку альбо на вывараце; а калі сьвятар убачыць, што струпля пасьля абмываньня яе зрабілася менш прыкметная, дык сьвятар няхай адарве яе ад вопраткі, альбо ад скуры, альбо ад асновы, альбо ад утоку. Калі ж яна зноў зьявіцца на вопратцы, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, дык гэта распускаецца струпля: спалі на агні тое, на чым струпля. А калі вопратку, альбо аснову, альбо ўток, альбо якую-небудзь скураную рэч вымыеш, і сыдзе зь іх струпля, дык трэба вымыць іх другі раз, і яны будуць чыстыя. Вось закон пра струплю праказы на вопратцы ваўнянай альбо ільнянай, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, альбо абвяшчаць яе чыстаю альбо нячыстаю. І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: абвясьцеце сынам Ізраілевым і скажэце ім: калі ў каго будзе цеча зь цела ягонага, дык ад цечы сваёй ён нячысты. І вось закон пра нячыстасьць яго ад цечы ягонай: калі цячэ зь цела яго цеча ягоная, і калі затрымліваецца ў целе яго цеча ягоная, гэта нячыстасьць яго; усякая пасьцель, на якую ляжа цечыўны, нячыстая, і ўсякая рэч, на якую сядзе, нячыстая; і хто дакранецца да пасьцелі ягонай, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; хто сядзе на якую-небудзь рэч, на якой сядзеў цечыўны, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; і хто дакранецца да цела цечыўнага, той павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; калі цечыўны плюне на чыстага, дык гэты павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; і ўсякая падвода, на якой ехаў цечыўны, нячыстая; і кожны, хто дакранецца да чаго-небудзь, што было пад ім, нячысты будзе да вечара; і хто панясе гэта, павінен вымыцць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; і кожны, да каго дакранецца цечыўны, не вымыўшы рук сваіх вадою, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; гліняны посуд, да якога дакранецца цечыўны, трэба разьбіць, і ўсякі драўляны посуд трэба вымыць вадою. А калі цечыўны вызваліцца ад цечы сваёй, тады павінен ён адлічыць сабе сем дзён на ачышчэньне сваё і вымыць вопратку сваю і цела сваё жывою вадою, і будзе чысты; і на восьмы дзень возьме ён сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прыйдзе перад аблічча Гасподняе да ўваходу ў скінію сходу, і аддасьць іх сьвятару; і прынясе сьвятар з гэтых птушак адну ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад цечы ягонай. Калі ў каго здарыцца выліваньне семені, дык ён павінен абмыць вадою ўсё цела сваё і нячысты будзе да вечара; і ўсякая вопратка і ўсякая скура, на якую трапіць семя, павінна быць вымыта вадою і нячыстая будзе да вечара. Калі мужчына ляжа з жанчынаю і будзе ў яго выліваньне семені, дык яны павінны абмыцца вадою і нячыстыя будуць да вечара. Калі жанчына мае цечу крыві, якая цячэ зь цела яе, дык яна павінна сядзець сем дзён пад час ачышчэньня свайго, і кожны, хто дакранецца да яе, нячысты будзе да вечара; і ўсё, на што яна ляжа пад час ачышчэньня свайго, нячыстае; і ўсё, на што сядзе, нячыстае; і кожны, хто дакранецца да пасьцелі яе, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; і кожны, хто дакранецца да якой-небудзь рэчы, на якой яна сядзела, павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою і нячысты будзе да вечара; і калі хто дакранецца да чаго-небудзь на пасьцелі альбо на той рэчы, на якой яна сядзела, нячысты будзе да вечара; калі перасьпіць зь ёю муж, дык нячыстасьць яе будзе на ім: ён нячысты будзе сем дзён, і кожная пасьцель, на якую ён ляжа, будзе нячыстая. Калі ў жанчыны цячэ кроў шмат дзён не пад час ачышчэньня яе, альбо калі яна мае цечу даўжэй звычайнага ачышчэньня свайго, яна нячыстая; усякая пасьцель, на якую яна ляжа пад час цечы сваёй, будзе нячыстая, гэтак сама як пасьцель пад час ачышчэньня яе; і ўсякая рэч, на якую яна сядзе, будзе нячыстая, як нячыстае гэта пад час ачышчэньня яе; і кожны, хто дакранецца да іх, будзе нячысты і павінен вымыць вопратку сваю і абмыцца вадою, і нячысты будзе да вечара. А калі яна вызваліцца ад цечыва свайго, тады павінна адлічыць сабе сем дзён і пасьля будзе чыстая; на восьмы дзень возьме яна сабе дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, і прынясе іх да сьвятара да ўваходу ў скінію сходу; і прынясе сьвятар адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яе сьвятар перад Госпадам ад цечы нечысьці яе. Так засьцерагайце сыноў Ізраілевых ад нячыстасьці іх, каб яны не памерлі ў нячыстасьці сваёй, апаганьваючы селішча Маё, якое сярод іх: вось закон пра цечыўнага і пра тое, у каго здарыцца выліваньне семені, якое робіць яго нячыстым, і пра тую, што пакутуе ачышчэньнем сваім, і пра цечыўных, мужчыну альбо жанчыну, і пра мужа, які перасьпіць з нячыстаю.
Выбор основного перевода