Але Сігон не дазволіў ісьці праз свае межы; і сабраў Сігон увесь народ свой і выступіў супроць Ізраіля ў пустыню, і дайшоў да Яацы і ўступіў у бітву зь Ізраілем.
І пабіў яго Ізраіль мечам і ўзяў у валоданьне зямлю ягоную ад Арнона да Явока, да межаў Аманіцкіх, бо моцныя былі межы Аманіцянаў;
І павярнуліся і пайшлі да Васана. І выступіў супроць іх Ог, цар Васанскі, сам і ўвесь народ ягоны, на бітву да Эдрэі.
І сказаў Гасподзь Майсею: ня бойся яго, бо Я аддам яго і ўвесь народ ягоны і ўсю зямлю ягоную ў рукі твае, і зробіш зь ім, як зрабіў зь Сігонам, царом Амарэйскім, які жыў у Эсэвоне.
І пабілі яны яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны, так што ніводнага не засталося, і завалодалі зямлёю ягонай.