А Гасподзь ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, паказваючы ім дарогу, а ўначы ў слупе вогненным, сьвецячы ім, каб ішлі яны і ўдзень і ўначы.
У той дзень, калі ўстаноўлена была скінія, воблака ахінула скінію адкрыцьця, і зь вечара над скініяй як бы агонь быў відзён да самае раніцы.
Так было і заўсёды: воблака ахінала яе ўдзень і падабенства агню ўначы.
І калі воблака падымалася ад скініі, тады сыны Ізраілевыя выпраўляліся ў дарогу, і на месцы, дзе спынялася воблака, там спыняліся табарам сыны Ізраілевыя.
Па загадзе Гасподнім выпраўляліся сыны Ізраілевыя ў дарогу і па загадзе Гасподнім спыняліся: увесь той час, калі воблака стаяла над скініяй, стаялі і яны;
і калі воблака доўгі час было над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя сьледавалі гэтаму ўказаньню Госпада і не выпраўляліся;
а часам воблака нядоўга было над скініяй: яны па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу;
часам воблака стаяла толькі ад вечара да раніцы, і раніцай падымалася воблака, тады і яны выпраўляліся; альбо дзень і ноч стаяла воблака, і калі падымалася, і яны тады выпраўляліся;
альбо калі два дні альбо месяц, альбо некалькі дзён стаяла воблака над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя стаялі і не выпраўляліся ў дарогу; а калі яно падымалася, тады выпраўляліся;
па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу: сьледавалі ўказанью Гасподняму і паводле загаду Гасподняга Майсею.