Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Калі ж не паслухаецеся Мяне і ня будзеце выконваць усіх наказаў гэтых, і калі пагардзіце Маімі пастановамі, і калі душа вашая пагрэбуе Маімі законамі, так што вы ня будзеце выконваць усіх наказаў Маіх, парушыўшы запавет Мой, — дык Я зраблю з вамі так: пашлю на вас жудасьць, чэзласьць і гарачку, ад якіх стомяцца вочы і вымучыцца душа, і будзеце сеяць насеньне вашае марна, і ворагі вашыя зьядуць яго; павярну аблічча Маё на вас, і будзеце перад ворагамі вашымі, і будуць валадарыць над вамі непрыяцелі вашыя, і пабяжыце, калі ніхто ня гнацьмецца за вамі. І калі пры ўсім гэтым не паслухаецеся Мяне, дык Я сямікроць павялічу пакараньне за грахі вашыя, і зламаю ганарыстую зацятасьць вашую, і неба вашае зраблю, як жалеза, і зямлю вашую, як медзь; і марна будзе вычэрпвацца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы зямлі не дадуць пладоў сваіх. А калі пойдзеце супроць Мяне і не захочаце слухацца Мяне, дык Я дадам вам удараў сямікроць за грахі вашыя: пашлю на вас зьвяроў польных, якія пазбавяць вас дзяцей, зьнішчаць быдла ваша і вас паменшаць, так што апусьцеюць дарогі вашыя. Калі і пасьля гэтага не паправіцеся і пойдзеце супроць Мяне, дык і Я пайду супроць вас і пабэю вас сямікроць за грахі вашыя, і навяду на вас помсны меч у адплату за запавет; калі ж пахаваецеся ў гарады вашыя, дык пашлю на вас пошасьць, і аддадзены будзеце ў рукі ворага; хлеб, які мацуе чалавека, зьнішчу ў вас; дзесяць жанчын будуць пячы хлеб ваш у адной печы і аддавацьмуць хлеб ваш на вагу; вы будзеце есьці і ня будзеце сытыя. А калі і пасьля гэтага не паслухаецеся Мяне і пойдзеце супроць Мяне, дык і Я ў лютасьці пайду супроць вас і пакараю вас сямікроць за грахі вашыя, і будзеце есьці плоць сыноў вашых, і плоць дочак вашых есьцімеце: спустошу вышыні вашыя, і разбуру слупы вашыя, і скіну трупы вашыя на руіны ідалаў вашых, і пагрэбуе душа Мая вамі; гарады вашыя зраблю пустыняю, і спустошу сьвятыні вашыя, і ня буду нюхаць прыемнай духмянасьці ахвяраў вашых; і спустошу зямлю вашу, так што зьдзівяцца зь яе ворагі вашы, што пасяліліся на ёй; а вас расьсею сярод народаў і агалю сьледам за вамі меч, і будзе зямля ваша пустая і гарады вашы разбураныя. Тады адшкадуе сябе зямля за суботы свае ва ўсе дні запусьценьня свайго; а калі вы будзеце ў зямлі ворагаў вашых, тады будзе пакоіцца зямля і адшкадуе сябе за суботы свае; ва ўсе дні запусьценьня будзе яна пакоіцца, колькі не пакоілася ў суботы вашыя, калі вы жылі на ёй. Астаткам вашым пашлю ў сэрца баязьлівасьць у зямлі ворагаў іхніх, і шум трапятаньня ліста пагоніць іх, і пабягуць як ад меча, і ўпадуць, калі ніхто не даганяе, і спатыкнуцца адзін аб аднаго, як ад меча, тым часам як ніхто не даганяцьме, і ня будзе ў вас сілы супроцьстаяць ворагам вашым; і загінеце сярод народаў, і зжарэ вас зямля ворагаў вашых; а астаткі вашыя счэзнуць за свае беззаконьні ў землях ворагаў вашых і за беззаконьні бацькоў сваіх счэзнуць; тады прызнаюцца яны ў беззаконьні сваім і ў беззаконьні бацькоў сваіх, як яны ўчынялі злачынствы супроць Мяне і ішлі супроць Мяне, за што і Я ішоў супроць іх і ўвёў іх у зямлю ворагаў іхніх; тады ўпакорыцца неабрэзанае сэрца іхняе, і тады пацерпяць яны за беззаконьні свае. І Я ўзгадаю запавет Мой зь Якавам і запавет Мой зь Ісаакам, і запавет Мой з Абрагамам узгадаю, і зямлю ўзгадаю; тым часам як зямля пакінута будзе імі і будзе адшкадоўваць сябе за суботы свае, апусьцеўшы ад іх, і яны будуць цярпець за сваё беззаконьне, за тое, што пагарджалі законамі Маімі і душа іхняя грэбавала пастановамі Маімі, У той час назавуць Ерусалім тронам Госпада; і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім і ня будуць болей рабіць з упартасьці злога сэрца свайго. Але яны не паслухаліся і ня прыхілілі вуха свайго, і жылі паводле намовы і ўпартасьці ліхога сэрца свайго, і сталі да Мяне плячыма, а ня тварам. але яны ня слухаліся Мяне і не прыхілілі вуха, а зжарсьцьвілі карак свой, рабілі горш за бацькоў сваіх. Гнеў Гасподні я буду несьці, бо зграшыў перад Ім, пакуль Ён ня вырашыць справы маёй і ня ўчыніць суд над мною; тады Ён вывядзе мяне на сьвятло, і я ўбачу праўду Ягоную.
Выбор основного перевода