Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Гэта ёсьць запавет Мой, які вы павінны датрымліваць паміж Мною і вамі і паміж нашчадкамі тваімі пасьля цябе: хай будзе ў вас абрэзаны ўвесь мужчынскі пол; абразайце крайнюю плоць вашу: і гэта будзе азнакаю запавету паміж Мною і вамі. На восьмы дзень ад нараджэньня хай будзе абрэзана ў вас у роды вашыя кожнае дзіця мужчынскага полу, народжанае ў доме і купленае за срэбра ў якога-небудзь іншапляменца, якое не ад твайго семя. Абавязкова хай будзе абрэзаны народжаны ў доме тваім і куплены за срэбра тваё, і будзе запавет Мой на целе вашым запаветам вечным. А неабрэзаны мужчынскага полу, які не абрэжа крайняй плоці сваёй, вынішчыцца душа тая з народу свайго; ён парушыў запавет Мой. Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог; і даў Абрагам імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак; і абрэзаў Абрагам Ісаака сына свайго, на восьмы дзень, як наказаў яму Бог. Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся. Гасподзь угледзеў, што Лія была нелюбка, і адчыніў нутробу яе, а Рахіль была няплодная. Лія зачала і нарадзіла сына, і дала яму імя: Рувім, бо сказала: Гасподзь угледзеў маё гароцтвы; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой. І зачала зноў і нарадзіла сына, і сказала: Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага. І дала яму імя: Сымон. І зачала яшчэ і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў. Таму і дадзена яму імя: Левій. І яшчэ зачала і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер я праслаўлю Госпада. Таму дала яму імя: Юда. І перастала радзіць. І ўбачыла Рахіль, што яна ня родзіць дзяцей Якаву, і пазайздросьціла Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю. Якаў угневаўся на Рахіль і сказаў ёй: хіба я Бог, Які ня даў табе плоду ў чэраве? Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе. І дала яна Валу, служанку сваю, за жонку яму; і ўвайшоў да яе Якаў. Вала зачала і нарадзіла Якаву сына. І сказала Рахіль: наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына. Таму дала яму імя: Дан. І яшчэ зачала і нарадзіла Вала, служанка Рахіліна, другога сына Якаву. І сказала Рахіль: змаганьнем моцным змагалася я зь сястрою маёю і перамагла. І дала яму імя: Нэфталім. Лія ўбачыла, што перастала радзіць, і ўзяла служанку сваю Зэлфу, і дала яе Якаву за жонку. І Зэлфа, служанка Лііна, нарадзіла Якаву сына. І сказала Лія: прыбавілася. І дала яму імя: Гад. Зэлфа, служанка Лііна нарадзіла другога сына Якаву. І сказала Лія: на дабро мне, бо шчаснаю будуць называць мяне жанчыны. І дала яму імя: Асір. Рувім пайшоў у час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоравыя яблыкі ў полі, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І Рахіль сказала Ліі: дай мне мандрагораў сына твайго. Але Лія сказала ёй: няўжо мала табе — завалодаць мужам маім, што ты дамагаешся і мандрагораў сына майго? Рахіль сказала: дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго. Якаў прыйшоў з поля ўвечары, і Лія выйшла яму насустрач і сказала: увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы. І пачуў Бог Лію, і яна зачала і нарадзіла Якаву пятага сына. І сказала Лія: Бог даў мне адплату за тое, што я аддала служанку маю мужу майму. І дала яму імя: Ісахар (што азначае: адплата). І яшчэ зачала Лія і нарадзіла Якаву шостага сына. І сказала Лія: Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў. І дала яму імя: Завулон. Потым нарадзіла дачку і дала ёй імя: Дзіна. І ўспомніў Бог пра Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне яе.
Выбор основного перевода