Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Калі брат твой зьбяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою; не бяры зь яго ліхвы і прыбытку і бойся Бога твайго; каб жыў брат твой з табою; срэбра твайго не аддавай яму ў ліхву і хлеба твайго не аддавай яму дзеля прыбытку. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаанскую, каб быць вашым Богам. Калі зьбяднее ў цябе брат твой і прададзены будзе табе, дык ня ўскладвай на яго працы рабскай: ён павінен быць у цябе як найміт, як пасяленец; да юбілейнага года няхай працуе ў цябе; а тады няхай адыдзе ён ад цябе, сам і дзеці ягоныя зь ім, і вернецца ў род свой і ўступіць зноў у валоданьне бацькоў сваіх, — бо яны — Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай: нельга прадаваць іх, як прадаюць рабоў; не валадары над ім жорстка і бойся Бога твайго. Калі ж будзе ў цябе ўбогі, хто-небудзь з братоў тваіх, у адным зь селішчаў тваіх на зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, дык не ачэрсьцьві сэрца твайго і не затулі рукі тваёй перад зубожаным братам тваім, а растулі перад ім руку тваю і пазыч яму, гледзячы па ягонай патрэбе, у чым ён мае патрэбу; пільнуйся, каб не зарадзілася ў сэрцы тваім ліхая думка: «набліжаецца сёмы год, год адпушчэньня», і каб ад таго вока тваё не зрабілася немілажальным да ўбогага брата твайго, і ты не адмовіў яму; бо ён залямантуе на цябе да Госпада, і будзе на табе грэх; дай яму, і калі давацьмеш яму, хай не зажурыцца сэрца тваё, бо за тое дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсіх дзеях тваіх і ва ўсім, што будзе рабіцца тваімі рукамі; бо ўбогія заўсёды будуць на зямлі; таму я і загадваю табе: растуляй руку тваю перад братам тваім, бедным тваім і жабраком тваім на зямлі тваёй. Калі прадасца табе брат твой, Габрэй, альбо Габрэйка, дык шэсьць гадоў павінен ён быць рабом табе, а на сёмым годзе адпусьці яго ад сябе на волю; а калі будзеш адпускаць яго ад сябе на волю, не адпусьці яго з пустымі рукамі, а надзялі яго ад статкаў тваіх, ад гумна твайго і ад чавіла твайго: дай яму, чым спадобіў цябе Гасподзь, Бог твой; памятай, што і ты быў рабом у зямлі Егіпецкай і выбавіў цябе Гасподзь, Бог твой, таму я сёньня і наказваю табе гэта. А калі ён скажа табе: «не пайду я ад цябе, бо я люблю цябе і дом твой», таму добра яму ў цябе, дык вазьмі шыла і прыкалі вуха ягонае да дзьвярэй; і будзе ён рабом тваім навекі. Так рабі і з рабыняй тваёю. Ня лічы гэта сабе цяжкім, што ты павінен адпусьціць яго ад сябе на волю, бо ён за шэсьць гадоў зарабіў табе ўдвайне супроць платы найміта; і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім, што ні будзеш рабіць. І прыйду да вас судзіць і буду хутка выкрываць чарадзеяў і пералюбцаў, і тых, якія прысягаюць ілжыва і забіраюць плату ў найміта, уціскаюць удаву і сірату і адпіхваюць прыхадня, і Мяне не баяцца, кажа Гасподзь Саваоф.
Выбор основного перевода