Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13
Параллельные места
І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч; і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: о, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыні гэтай! і навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет? І сказалі адзін аднаму: паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет. І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усім сходам супольства сыноў Ізраілевых. І Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая; калі Гасподзь літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе — гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд; толькі супроць Госпада не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак: абароны ў іх ня стала, а з намі Гасподзь; ня бойцеся іх. І сказала ўсё супольства: пабіць іх камянямі! Але слава Гасподняя явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым. І сказаў Гасподзь Майсею: дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? і дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго? пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго. Але Майсей сказаў Госпаду: пачуюць Егіпцяне, спасярод якіх Ты сілаю Тваёю вывеў народ гэты, і скажуць жыхарам зямлі гэтай, якія чулі, што Ты, Госпадзе, сярод народу гэтага, і што Ты, Госпадзе, дазваляеш ім бачыць Сябе твар у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы ў слупе вогненным; і калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць: Гасподзь ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і загубіў яго ў пустыні. Дык вось, няхай узьвялічыцца сіла Гасподняя, як Ты сказаў, кажучы: Гасподзь доўгацярплівы і шматлітасьцівы, даруе беззаконьні і злачынствы, і не пакідае без пакараньня, а карае беззаконьне бацькоў у дзецях да трэцяга і чацьвёртага роду. Даруй грэх народу гэтаму зь вялікай міласьці Тваёй, як Ты дараваў народу гэтаму ад Егіпта дагэтуль. І сказаў Гасподзь: дарую па слове тваім: але жывы Я, і славай Гасподняй поўная ўся зямля; усе, хто бачыў славу Маю і азнакі Мае, зробленыя Мною ў Егіпце і ў пустыні, і ня слухалі голасу Майго, ня ўбачаць зямлі, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім; усе, хто дражніў Мяне, ня ўбачаць яе; але раба Майго, Халева, за тое, што ў ім быў іншы дух, і ён цалкам слухаўся Мяне, увяду ў зямлю, у якую ён хадзіў, і семя ягонае ўспадкуе яе; Амалікіцяне і Хананэі жывуць у даліне; заўтра павярнецеся і ідзеце ў даліну да Чэрмнага мора. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: дакуль ліхое супольства гэтае будзе наракаць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на Мяне, Я чую. Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь: як казалі вы ў вушы Мне, так і зраблю вам; у пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне, ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага; дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі, а вашыя трупы палягуць у пустыні гэтай; а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні; па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панесяце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною. Я, Гасподзь, кажу і так зраблю з усім гэтым ліхім супольствам, што паўстала супроць Мяне: у пустыні гэтай усе яны загінуць і перамруць. Але яны абурыліся і засмуцілі Сьвятога Духа Яго; таму Ён ператварыўся ў няпрыяцеля іхняга: Сам ваяваў супроць іх.
Выбор основного перевода