Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Ісус Нав
Параллельные места
У гэты самы дзень Гасподзь вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай па рушэньнях іхніх. скажы сынам Ізраілевым, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, паміж Мігдолам і морам, перад Ваал-Цафонам; насупраць яго атабарцеся каля мора. І скажа фараон пра сыноў Ізраілевых: яны заблудзіліся ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня. А Я напоўню чэрствасьцю сэрца фараону, і ён пагоніцца за імі, і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным; і ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь. І зрабілі так. І абвешчана было цару Егіпецкаму, што народ уцёк; і абярнулася сэрца фараонава і рабоў ягоных супроць народу гэтага, і яны сказалі: што гэта мы зрабілі? навошта мы адпусьцілі Ізраільцянаў, каб яны не працавалі на нас? Фараон запрог калясьніцу сваю і народ свой узяў з сабою; і ўзяў шасьцьсот калясьніц адборных, і ўсе калясьніцы Егіпецкія, і правадыроў над усімі імі. І ачарсьцьвіў Гасподзь сэрца фараону, цару Егіпецкаму, і ён пагнаўся за сынамі Ізраілевымі; а сыны Ізраілевыя ішлі пад рукою высокаю. І пагналіся за імі Егіпцяне, і ўсе коні з калясьніцамі фараонавымі, і верхаўцы, і ўсё войска ягонае, і дагналі іх атабараных каля мора, пры Пі-Гахіроце, перад Ваал-Цафонам. Фараон наблізіўся, і сыны Ізраілевыя азірнуліся, і вось, Егіпцяне ідуць за імі: і вельмі спалохаліся і закрычалі сыны Ізраілевыя да Госпада, і сказалі Майсею: хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? што гэта ты зрабіў з намі, вывеўшы нас зь Егіпта? Ці ж ня гэта самае казалі мы табе ў Егіпце, сказаўшы: пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на Егіпцянаў. Бо лепш нам быць у рабстве ў Егіпцянаў, чым памерці ў пустыні. Але Майсей сказаў народу: ня бойцеся, стойце — і ўбачыце выратаваньне ад Госпада, якое Ён дасьць вам і сёньня, бо Егіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце вавек; Гасподзь будзе змагацца за вас, і вы будзьце спакойныя. І сказаў Гасподзь Майсею: чаго ты крычыш да Мяне? скажы сынам Ізраілевым, каб яны ішлі; а ты падымі посах твой, і працягні руку тваю на мора, і падзялі яго, і пройдуць сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім; А Я зраблю чэрствым сэрца Егіпцянам, і яны пойдуць сьледам за імі; і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным і на верхаўцах ягоных: І спазнаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі пакажу славу Маю на фараоне, на калясьніцах ягоных і на вераўцах ягоных. І рушыўся анёл Божы, які ішоў за імі; рушыўся і слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў па-за імі. і ўвайшоў усярэдзіну паміж табарам Егіпецкім і табарам Ізраілевым, і быў воблакам і змрокам адным і асьвятляў ноч другім, і ня зьблізіліся яны адны з аднымі праз усю ноч. І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і гнаў Гасподзь мора моцным усходнім ветрам усю ноч і зрабіў мора сушаю; і расступіліся воды. І пайшлі сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім: а воды былі ім сьцяною з правага і зь левага боку. Пагналіся Егіпцяне, і ўвайшлі за імі ўсярэдзіну мора ўсе коні фараонавыя, калясьніцы ягоныя і верхаўцы ягоныя. І ў ранішнюю варту паглядзеў Гасподзь на табар Егіпцянаў з слупа вогненнага і воблачнага і прывёў у замяшаньне табар Егіпцянаў; і зьнярухоміў колы ў калясьніцах іхніх, так што яны валаклі іх зь цяжкасьцю. І сказалі Егіпцяне: пабяжым ад Ізраільцянаў, бо Гасподзь змагаецца за іх супроць Егіпцянаў. І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю на мора, і хай павернуцца воды на Егіпцянаў, на калясьніцы іхнія і на верхаўцоў іхніх. І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і пад раніцу вада вярнулася ў сваё месца; а Егіпцяне беглі насустрач. Так патапіў Гасподзь Егіпцянаў сярод мора. І вада вярнулася і пакрыла калясьніцы і верхаўцоў усяго войска фараонавага, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося ніводнага зь іх. А сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора: воды былі ім сьцяною па правы і па левы бок. І выбавіў Гасподзь у дзень той Ізраільцянаў з рук Егіпцянаў, і ўбачылі сыны Ізраілевыя Егіпцянаў мёртвых на беразе мора. І ўбачылі Ізраільцяне руку вялікую, якую прасьцёр Гасподзь над Егіпцянамі, і спалохаўся народ Госпада і паверыў Госпаду і Майсею, рабу Ягонаму.
Ісус Нав
Выбор основного перевода