Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Хто гэта ідзе ад Эдома, у чырванёных шатах ад Васора, такі велічны ў Сваім адзеньні, выступае ў паўнаце сілы Сваёй? — «Я — Хто вымаўляе праўду, моцны, каб ратаваць». Чаго ж адзеньне Тваё прыгожае, і шаты ў Цябе — як у таптальніка ў чавільні? «Я таптаў у чавільні адзін, і з народаў нікога ня было са Мною; і Я таптаў іх у гневе Маім і мясіў іх у лютасьці Маёй; кроў іх пырскала на шаты Мае, і Я запляміў усё адзеньне Маё; бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год Маіх адкупленьняў настаў. Я глядзеў, — і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая — яна падтрымала Мяне: і патаптаў Я народы ў гневе Маім, і пабіў іх у лютасьці Маёй, і выліў на зямлю кроў іхнюю». бо дзень гэты ў Госпада Бога Саваофа ёсьць дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным; і меч будзе пажыраць, і насыціцца і ўп'ецца крывёю іхняю; бо гэта Госпаду Богу Саваофу будзе ахвяраваньне ў зямлі паўночнай, каля ракі Еўфрат. Пра Эдом так кажа Гасподзь Саваоф: хіба няма болей мудрасьці ў Тэмане? Хіба ня стала рады ў разумных? хіба зьбяднела мудрасьць іхняя? Уцякайце, павярнуўшыся сьпінаю, хавайцеся ў пячорах, жыхары Дэдана, бо пагібель Ісава Я навяду на яго, — час наведаньня Майго. Калі б зборшчыкі вінаграду прыйшлі да цябе, дык напэўна пакінулі б некалькі несабраных ягадзін. І калі б злодзеі прыйшлі ўначы, дык яны захапілі б, колькі ім трэба. А Я да галечы абяру Ісава, адчыню патайныя мясьціны ягоныя, і схавацца ён ня здолее. Вынішчана будзе племя ягонае, і браты яго і суседзі яго; і ня будзе яго. Пакінь сіротаў тваіх, Я падтрымаю жыцьцё іхняе, і ўдовы твае хай спадзяюцца на мяне, бо так кажа Гасподзь: вось і тыя, каму не наканавана было піць чару, канечне піцьмуць яе, і ці ж ты застанешся непакараны? Не, не застанешся непакараны, але канечне піцьмеш чару. Бо, Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што жахам, пасьмешышчам, пустэльняю і праклёнам будзе Васор, і ўсе гарады яго зробяцца вечнымі пусткамі. Я чуў чутку ад Госпада, і пасьля пасланы да народаў сказаць: зьбярэцеся і ідзеце супроць яго, і падымайцеся на вайну. Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей. Грозны стан твой і пыхлівасьць сэрца твайго ашукалі цябе, хто жыве ў расколінах скал і займае вяршыні пагоркаў. Але, хоць бы ты як арол высока зьвіў гняздо тваё, і адтуль скіну цябе, кажа Гасподзь. І будзе Эдом жахам; кожны, хто будзе праходзіць міма, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго. Як скінуты Садома і Гамора і суседнія гарады іхнія, кажа Гасподзь, так і там ніводзін чалавек ня будзе жыць, і сын чалавечы ня спыніцца ў ім. Вось, узыходзіць ён як леў ад узвышэньня Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але я прымушу іх сьпешна адысьці зь Ідумэі, і хто выбраны, таго пастаўлю над ёю. Бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе адказу ў Мяне? І які пастух стане супроць Мяне? Дык вось выслухайце вызначэньне Госпада, якое Ён пастанавіў пра Эдом, і намеры Ягоныя, якія Ён мае на жыхароў Тэмана: сапраўды, самыя малыя са статкаў пацягнуць іх і спустошаць селішчы іхнія. Ад шуму падзеньня іх здрыганецца зямля, і водгалас крыку іхняга будзе чуцен каля Чэрмнага мора. Вось, як арол, падымецца ён і паляціць, і распусьціць крылы свае над Васорам; і сэрца адважных Ідумэйцаў будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны ў родах. Я палюбіў вас, кажа Гасподзь. А вы кажаце: «у чым явіў Ты любоў да нас?» — Ці ж Ісаў ня брат Якаву? кажа Гасподзь; і аднак жа Я палюбіў Якава, а Ісава зьненавідзеў і аддаў горы ягоныя на спусташэньне, і валоданьні ягоныя — шакалам пустыні. Калі Эдом скажа: мы спляжаны, але мы адновім разбуранае, дык Гасподзь Саваоф кажа: яны пабудуюць, а Я разбуру, і назавуць іх вобласьцю бязбожнаю, народам, на які Гасподзь угневаўся назаўсёды.
Выбор основного перевода