Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
У дваццаць сёмы год Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Азарый, сын Амасія, цар Юдэйскі: На другім годзе Факея, сына Рэмаліінага, цара Ізраільскага, зацараваў Ёатам, сын Азіі, цара Юдэйскага. На семнаццатым годзе Факея, сына Рэмаліінага, зацараваў Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэйскага: дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў ён у Ерусаліме, і не рабіў спадобнага ў вачах Госпада Бога свайго, як Давід, бацька ягоны, а хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, і нават сына свайго правёў праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых, і ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным галінастым дрэвам. Тады пайшоў Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліін, цар Ізраільскі, супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, і трымалі Ахаза ў аблозе, але адолець не маглі. Тым часам Рэцын, цар Сірыйскі, вярнуў Сірыі Элат і прагнаў Юдэяў з Элата; і Ідумэяне ўступілі ў Элат, і жывуць там да сёньня. І паслаў Ахаз паслоў да Тэглатфэласара, цара Асірыйскага, сказаць: раб твой і сын твой я; прыйдзі і абарані мяне ад рукі цара Сірыйскага і ад рукі цара Ізраільскага, што паўсталі на мяне. І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага, і паслаў цару Асірыйскаму ў дарунак. І паслухаўся яго цар Асірыйскі; і пайшоў цар Асірыйскі ў Дамаск і ўзяў яго, і перасяліў жыхароў яго ў Кір, а Рэцына аддаў сьмерці. І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатфэласару, цару Асірыйскаму, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік, які ў Дамаску, і паслаў цар Ахаз да Урыя сьвятара выяву ахвярніка і рысунак усёй будовы. І пабудаваў сьвятар Урыя ахвярнік паводле ўзору, які прыслаў цар Ахаз з Дамаска; і зрабіў так сьвятар Урыя да прыбыцьця цара Ахаза з Дамаска. І прыйшоў цар з Дамаска, і ўбачыў цар ахвярнік, і падышоў цар да ахвярніка, і прынёс на ім ахвяру; і ўчыніў цэласпаленьне сваё і хлебнае прынашэньне, і ўчыніў выліваньне сваё, і акрапіў крывёю мірнай ахвяры сваёй ахвярнік. А медны ахвярнік, які прад абліччам Гасподнім, ён перасунуў ад пярэдняга боку храма, зь месца паміж ахвярнікам новым і домам Гасподнім, і паставіў яго збоку гэтага ахвярніка на поўнач. І даў загад цар Ахаз сьвятару Урыю, сказаўшы: на вялікім ахвярніку ўчыняй ранішняе цэласпаленьне і вячэрняе хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне ад цара і хлебнае прынашэньне ад яго, і цэласпаленьне ад усіх людзей зямлі і хлебнае прынашэньне ад іх, і выліваньне ад іх і ўсякай крывёю цэласпаленьняў і ўсякаю крывёю ахвяр акрапляй яго, а ахвярнік медны застанецца да маёй распарады. І зрабіў сьвятар Урыя ўсё так, як загадаў цар Ахаз. І абламаў цар Ахаз абадкі на падстаўках, і зьняў зь іх умывальніцы, і мора зьняў з медных валоў, якія былі пад ім, і паставіў яго на каменную падлогу. І адмяніў крыты суботні ход, які збудавалі пры храме, і зьнешні царскі ўваход да дома Гасподняга, дзеля цара Асірыйскага. Астатняе пра Ахаза, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх. І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў доме Давідавым. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго. Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім. І было ў дні Ахаза, сына Ёатамавага, сына Азіі, цара Юдэйскага, Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліінаў, цар Ізраільскі, пайшлі супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, — але не маглі заваяваць. І было абвешчана дому Давідаваму, і сказана: Сірыяне разьмясьціліся ў зямлі Яфрэмавай; і пахіснулася сэрца ягонае і сэрца народа ягонага, як хістаюцца ад ветру дрэвы ў лесе. І сказаў Гасподзь Ісаю: выйдзі ты і сын твой, Шэарасуў насустрач Ахазу, да канца канала верхняй сажалкі, на дарогу да поля бялільнага, і скажы яму: сачы і будзь спакойны; ня бойся, і хай не занепадае сэрца тваё і не палохаецца гэтых двух недагарэлых дымных галавешак, ад распаленага гневу Рэцына і Сірыянаў, і сына Рэмаліінавага. Сірыя, Яфрэм і сын Рэмаліінаў намышляюць супроць цябе ліхое, кажучы: пойдзем на Юдэю, і ўзбурым яе, і авалодаем ёю, і паставім у ёй царом сына Тавэілавага. Але Гасподзь Бог так кажа: гэта ня станецца і ня збудзецца; бо галава Сірыі — Дамаск, і галава Дамаска — Рэцын; а праз шасьцьдзясят пяць гадоў Яфрэм перастане быць народам; і галава Яфрэма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліінаў. Калі вы ня верыце, дык таму, што вы не засьведчаныя. І Гасподзь гаварыў далей да Ахаза, і сказаў: прасі сабе азнакі ў Госпада Бога твайго: прасі альбо ў глыбіні, альбо на вышыні. І сказаў Ахаз: ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада.
Выбор основного перевода