Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Гасподзь — цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой. Бог мой — скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне! Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся. Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне; ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне. Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго. Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь. Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго. Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго; і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру; і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных; ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае. Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой; пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх. І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго. Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх; выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне. Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне. Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне. Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім, бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў, і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне. І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго. З мілажальным Ты — мілажальны, з чалавекам шчырым — шчыры, з чыстым — чысты, а з хітрым — па хітрасьці ягонай. Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых. Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю. З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну. Бог! — беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго. Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага? Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях; робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне; вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук. Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне. Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае. Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх; і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае. Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне; Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх. Яны клічуць, але няма выратавальніка, — да Госпада, але Ён ня слухае іх. Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх. Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне. Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне. Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх. Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго, Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне. За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму, велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!
Выбор основного перевода