Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
І ўзяў Юда жонку Іру, першынцу свайму; імя ёй Тамар. Ір, першынец Юдаў, быў неспадобны прад вачыма Госпада, і ўсьмерціў яго Гасподзь. І сказаў Юда Анану: увайдзі да жонкі брата твайго, ажаніся зь ёю, як швагер, і аднаві семя брату твайму. Анан ведаў, што семя будзе не яму; і таму, калі ўваходзіў да жонкі брата свайго, выліваў на зямлю, каб ня даць семя брату свайму. Благое было прад вачыма Госпада тое, што ён рабіў; і Ён усьмерціў яго. І сказаў Юда Тамары, нявестцы сваёй: жыві ўдавою ў доме бацькі твайго, пакуль падрасьце Шэла, сын мой. Бо ён сказаў: не памёр бы і ён, як браты ягоныя. Тамар пайшла і пачала жыць у доме ў бацькі свайго. Прайшло шмат часу, і памерла дачка Шуі, жонка Юдава. Юда суцешыўшыся пайшоў у Тамну, да стрыгалёў быдла ягонага, сам і Хіра, сябар ягоны Адаламіцянін. І паведамілі Тамары, кажучы: вось, сьвёкар твой ідзе ў Тамну стрыгчы быдла сваё. І зьняла яна зь сябе вопратку ўдоўства свайго, накрыла сябе пакрывалам і закрыўшыся села каля брамы Энаіма, што на дарозе ў Тамну. Бо бачыла, што Шэла вырас, і яна ня дадзена яму за жонку. І ўбачыў яе Юда і палічыў яе за распусьніцу, бо яна захінула твар свой. Ён павярнуўся да яе і сказаў: увайду я да цябе. Бо ня ведаў, што гэта — нявестка ягоная. Яна сказала: што ты дасі мне, калі ўвойдзеш да мяне? Ён сказаў: я прышлю табе казьляня са статку. Яна сказала: ці дасі ты мне заклад, пакуль прышлеш? Ён сказаў: які даць табе заклад? Яна сказала: пячатку тваю, і перавязь тваю, і лёску тваю, якая ў руцэ тваёй. І даў ён ёй і ўвайшоў да яе; і яна зачала ад яго. І ўстаўшы пайшла, зьняла зь сябе пакрывала сваё і апранулася ў вопратку ўдоўства свайго. А Юда паслаў казьляня празь сябра свайго Адаламіцяніна, каб забраць заклад з рукі жанчыны; але ён не знайшоў яе. І спытаўся ў жыхароў той мясьціны, кажучы: дзе распусьніца, якая была ў Энаіме пры дарозе? Але яны сказалі: тут ня было распусьніцы. І вярнуўся ён да Юды і сказаў: я не знайшоў яе; ды і жыхары мясьціны той сказалі: тут ня было распусьніцы. Юда сказаў: няхай яна возьме сабе, каб толькі не пачалі з нас сьмяяцца; вось, я пасылаў гэтае казьляня; але ты не знайшоў яе. Прайшло каля трох месяцаў, і сказалі Юду, кажучы: Тамар, нявестка твая, далася ў распусту, і вось, яна цяжарная ад распусты. Юда сказаў: выведзіце яе, і хай яна будзе спалена. Але калі павялі яе, яна паслала сказаць сьвёкру свайму: я цяжарная ад таго, чые гэта рэчы. І сказала: даведайся, чыя гэта пячатка і перавязь і лёска. Юда пазнаў і сказаў: яна справядлівейшая за мяне, бо я ня даў яе Шэлу, сыну майму. І не спазнаваў яе болей.
Выбор основного перевода