Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
І я бачыў: і вось буйны вецер ішоў з поўначы, вялікая хмара і палымяны агонь, і зьзяньне вакол яго, а зь сярэдзіны яго як бы сьвятло полымя зь сярэдзіны агню; і зь сярэдзіны яго відаць было як бы падабенства чатырох жывёлін, — і такі быў выгляд у іх: аблічча ў іх было, як у чалавека; і ў кожнага чатыры твары, і ў кожнага зь іх чатыры крылы; а ногі ў іх простыя, і ступакі ног іхніх як ступак нагі ў цяляці, і зьзялі, як бліскучая медзь (і крылы ў іх лёгкія). І рукі чалавечыя былі пад крыламі ў іх, па чатырох баках іх; і твары ў іх і крылы ў іх — ва ўсіх чатырох; крылы ў іх прылягалі адно да аднаго; у час шэсьця свайго яны не азіраліся, а ішлі кожны перад сабою. Падабенства абліччаў іхніх — аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку ва ўсіх чатырох; а зь левага боку — аблічча цяляці ва ўсіх чатырох і аблічча арла ва ўсіх чатырох. І абліччы іх і крылы іх зьверху былі разьдзеленыя, але ў кожнага два крылы прылягалі адно да аднаго, а два пакрывалі целы іхнія. І ішлі яны, кожнае ў свой бок перад сабою; куды дух хацеў ісьці, туды і ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся. І выгляд у гэтых жывёлін быў як выгляд распаленага вугольля, як выгляд лампадаў; агонь хадзіў паміж жывёламі, і зьзяньне ад агню і маланка выходзілі з агню. І жывёліны шпарка рухаліся туды-сюды, як бліскае маланка. І я глядзеў на жывёлін, — і вось, на зямлі каля гэтых жывёлін па адным коле перад чатырма іхнімі лапамі. Выгляд колаў і будова іхняя — як выгляд тапаза, і падабенства ва ўсіх чатырох — адно; і з выгляду іх і з будовы іх здавалася, быццам кола было ў коле. Калі яны ішлі, ішлі на чатыры свае бакі; падчас шэсьця не азіраліся. А абады на іх — высокія і страшныя былі яны; абады на ўсіх чатырох вакол былі поўныя вачэй. І калі ішлі жывёлы, ішлі і колы поруч іх; а калі жывёлы падымаліся ад зямлі, тады падымаліся і колы. Куды дух хацеў ісьці, туды ішлі і яны; куды б ні пайшоў дух, і колы падымаліся нароўні зь імі, бо дух жывёлін быў у колах. Калі ішлі тыя, ішлі і яны; і калі тыя стаялі, стаялі і яны; і калі тыя падымаліся ад зямлі, тады нароўні зь імі падымаліся і колы, бо дух жывёлін быў у колах. Над галовамі ў жывёлін было падабенства скляпеньня, як выгляд дзівоснага крышталю, расхінутага зьверху над галовамі ў іх. А пад скляпеньнем прасьціраліся крылы іхнія проста адно да аднаго, і ў кожнага было два крылы, якія пакрывалі іх, у кожнага два крылы пакрывалі целы іхнія. І калі яны ішлі, я чуў шум крылаў іх, як бы шум многіх водаў, як бы голас Усемагутнага, моцны шум, як бы шум у вайсковым стане; калі яны спыняліся, — апускалі крылы свае. І голас быў са скляпеньня, якое над галовамі ў іх; калі яны спыняліся, тады апускалі свае крылы. А над скляпеньнем, якое над галовамі ў іх, было падабенства трона з выгляду як бы з каменя сапфіра; а над падабенствам прастола як бы падабенства чалавека зьверху на ім. І бачыў я як бы палаючы метал, як бы выгляд агню ўсярэдзіне яго вакол; ад выгляду сьцёгнаў яго і вышэй і ад выгляду сьцёгнаў яго і ніжэй я бачыў як бы нейкі агонь, і зьзяньне было вакол яго. У якім выглядзе бывае вясёлка на аблоках падчас дажджу, такі выгляд мела гэтае зьзяньне вакол. І вось там была слава Бога Ізраілевага, падобная на тую, якую я бачыў на полі. І паднялася слава Гасподняя з херувіма да парога Дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада. І адышла слава Гасподняя ад парога Дома і стала над херувімамі. Тады херувімы паднялі крылы свае і колы каля іх; і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі. І паднялася слава Госпада зь сярэдзіны горада і спынілася над гарою, якая на ўсход ад горада.
Выбор основного перевода