Памажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля славы імя Твайго; вызвалі нас, і даруй нам грахі нашыя дзеля імя Твайго.
Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.
І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.
І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.
Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?
Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.
І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.
Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды — любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось — праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось — лямант.
Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, — найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?
Ізраіль — галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.