Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Ісус зь Ерыхона паслаў людзей у Гай, што паблізу Бэт-Авэна, з усходняга боку Вэтыля, і сказаў ім: ідзеце, агледзьце зямлю. Яны пайшлі і агледзелі Гай. І вярнуўшыся да Ісуса, сказалі яму: ня ўвесь народ хай ідзе, а няхай пойдзе каля дзьвюх тысяч альбо каля трох тысяч чалавек, і заваююць Гай; усяго народу ня шлі туды, бо тых мала там. Дык вось, пайшло туды з народу каля трох тысяч чалавек, але яны кінуліся наўцёкі ад жыхароў Гайскіх; жыхары Гайскія забілі зь іх каля трыццаці шасьці чалавек і гналі іх ад брамы да Сэварым і разьбілі іх на спуску з гары; і праз гэта сэрца народу растала і зрабілася, як вада. Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся і не жахайся; вазьмі з сабою ўвесь народ, здольны ваяваць, і ўстаўшы, ідзі да Гаю; вось, Я аддаю ў рукі твае цара Гайскага і народ ягоны, і горад і зямлю ягоную; і зрабі з Гаем і царом ягоным тое самае, што зрабіў ты зь Ерыхонам і царом ягоным, толькі здабычу яго і быдла ягонае падзялеце сабе. Зрабі засаду за горадам. Ісус і ўвесь народ, здольны ваяваць, устаў, каб ісьці да Гаю, і выбраў Ісус трыццаць тысяч чалавек адважных і паслаў іх уначы, і даў ім загад і сказаў: глядзеце, вы будзеце ў засадзе за горадам; не адыходзьцеся далёка ад горада і будзьце ўвесь час напагатове; а я і ўвесь народ, які са мною, пойдзем да горада; і калі выступяць супроць нас, як і раней, дык мы пабяжым ад іх; яны памкнуцца за намі, так што мы адвядзем іх ад горада; бо яны скажуць: «уцякаюць ад нас, як і раней»; калі мы пабяжым ад іх, тады вы ўстаньце з засады і завалодайце горадам, і Гасподзь Бог ваш аддасьць яго ў рукі вашыя; калі возьмеце горад, запалеце горад агнём, паводле слова Гасподняга зрабеце; глядзеце, я загадваю вам. Такім чынам паслаў іх Ісус, і яны пайшлі ў засаду і заселі паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку Гая; а Ісус тае ночы начаваў сярод народу. Устаўшы рана раніцай, Ісус агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраілевыя паперадзе народу да Гая; і ўвесь народ, здольны ваяваць, які быў зь ім, пайшоў, наблізіўся і падышоў да горада, і паставіў табар з паўночнага боку Гая, а паміж ім і Гаем была даліна; потым узяў ён каля тысяч чалавек і пасадзіў іх у засадзе паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку горада. І народ разьмясьціў увесь табар, які быў з паўночнага боку горада, так што заходняя частка была з заходняга боку горада. І прыйшоў Ісус у тую ноч на сярэдзіну даліны. Калі ўбачыў гэта цар Гайскі, адразу з жыхарамі горада, устаўшы рана, выступіў супроць Ізраіля на бітву, ён і ўвесь народ ягоны, на назначанае месца перад раўнінаю; а ён ня ведаў, што на яго ёсьць засада за горадам. Ісус і ўвесь Ізраіль, нібыта разьбітыя ім, пабеглі да пустыні; а яны клікнулі ўвесь народ, які быў у горадзе, каб гнаць іх і, гонячы Ісуса, аддаліліся ад горада; у Гаі і ў Вэтылі не засталося ніводнага чалавека, які не пагнаўся б за Ізраілем; і горад свой яны пакінулі адчынены, гонячы Ізраіля. Тады Гасподзь сказаў Ісусу: падымі дзіду, якая ў руцэ тваёй, на Гай, бо Я аддам яго ў рукі твае. Ісус падняў дзіду ў руцэ ягонай на горад. Як толькі ён падняў руку сваю, засаднікі адразу ўсталі зь месца свайго і пабеглі, увайшлі ў горад і ўзялі яго і адразу запалілі горад агнём. Жыхары Гая, азірнуўшыся, убачылі, што дым з горада падымаецца да неба. І ня было ім месца, куды бегчы — ні туды, ні сюды; бо народ, які бег да пустыні, павярнуўся на перасьледнікаў. Ісус і ўвесь Ізраіль, убачыўшы, што засаднікі ўзялі горад, падымаўся дым ад горада, павярнуліся і пачалі біць жыхароў Гая; а тыя з горада выйшлі насустрач ім, так што Гайцы былі ўсярэдзіне паміж Ізраільцянамі, адны зь якіх былі з таго боку, а другія з другога; так білі іх, што не пакінулі ніводнага зь іх ацалелага альбо беглага; А цара Гайскага ўзялі жывога і прывялі яго да Ісуса. Калі Ізраільцяне перабілі ўсіх жыхароў Гая на полі, у пустыні, куды яны гналі іх, і калі ўсе яны да апошняга палеглі ад меча, тады ўсе Ізраільцяне вярнуліся да Гая і пабілі яго вастрыём меча. Загінуўшых у той дзень мужчын і жанчын, усіх жыхароў Гая, было дванаццаць тысяч. Ісус не апускаў рукі сваёй, якую падняў зь дзідай, пакуль не аддаў заклёну ўсіх жыхароў Гая; толькі быдла і задбычу горада гэтага Ізраільцяне падзялілі паміж сабою, паводле слова Госпада, якое сказаў Ісусу. І спаліў Ісус Гай і абярнуў яго ў вечныя руіны, у пустыню, да сёньня; а цара Гайскага павесіў на дрэве да вечара; а пасьля заходу сонца загадаў Ісус, і зьнялі труп яго з дрэва, і кінулі каля брамы гарадское, і накідалі над ім крушню каменьня, якая захавалася да сёньня. Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны. Таму аперажэцеся вярэтаю, плачце і галасеце, бо лютасьць гневу Гасподняга не адвернецца ад нас. Няма болей славы Маава; у Эсэвоне намышляюць супроць яго ліхое: «хадзем», скасуем яго зь ліку народаў«. І ты, Мадмэна, загінеш; меч ідзе сьледам за табою. Як бо ты спадзяваўся на дзеі твае і на скарбы твае, дык і ты будзеш узяты, Хамос пойдзе ў палон, разам са сваімі сьвятарамі і сваімі князямі. Пра сыноў Амонавых так кажа Гасподзь: хіба ж няма сыноў у Ізраіля? хіба няма ў яго спадкаемцы? Чаму ж Малхом завалодаў Гадам, і народ яго жыве ў гарадах ягоных?
Выбор основного перевода