Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі цар Сэдэкія прыслаў да яго Пасхора, сына Малхіінага і Сафонію, сына Маасэі сьвятара, сказаць: так кажа пра іх Гасподзь Саваоф: вось, Я пашлю на іх меч, голад і паморак з пошасьцю, і зраблю іх такімі, як гнілыя смоквы, якіх нельга есьці за нягоднасьць іх; Але войска Халдэйскае пагналася за імі; і дагналі Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх; і ўзялі яго і завялі да Навухаданосара, цара Вавілонскага, у Рыўлу, у зямлю Эмат, дзе ён учыніў суд над ім. А рэшту людзей, якія заставаліся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перайшлі да яго, і іншы астатні люд Навузардан, начальнік целаахоўцаў, перасяліў у Вавілон. Калі Ерамія перадаў людзям усе словы Госпада Бога іхняга, усе тыя словы, зь якімі Гасподзь Бог іхні паслаў яго да іх, тады сказаў Азарыя, сын Асаіі, і Ёанан, сын Карэеў, і ўсе дзёрзкія людзі сказалі Ерамію: «няпраўду ты кажаш, не пасылаў цябе Гасподзь Бог наш сказаць: »не хадзеце ў Егіпет, каб жыць там«; а Варух, сын Нірыін, падбухторвае цябе супроць нас, каб перадаць нас у рукі Халдэям, каб яны забілі нас, альбо завялі нас палоннымі ў Вавілон». І не паслухаўся Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, і ўвесь народ голасу Госпада, каб застацца ў зямлі Юдэйскай. І ўзяў Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі ўсю рэшту Юдэеў, якія вярнуліся з усіх народаў, куды яны былі выгнаныя, каб жыць ў зямлі Юдэйскай, мужоў і жонак і дзяцей, і дачок цара і ўсіх тых, каго Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў з Гадоліем, сынам Ахікамавым, сына Сафанавага, і Ерамію прарока, і Варуха, сына Нірыінага; і пайшлі ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, і дайшлі да Тафніса. І было слова Гасподняе Ерамію ў Тафнісе: вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і схавай іх у пакамячанай гліне пры ўваходзе ў дом фараона ў Тафнісе, на вачах у Юдэяў, і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я пашлю і вазьму Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і пастаўлю трон ягоны на гэтых камянях, схаваных Мною, і раскіне ён над ім цудоўны намёт свой і прыйдзе, і паб'е зямлю Егіпецкую: хто асуджаны на сьмерць, той аддадзены будзе сьмерці; і хто ў палон, пойдзе ў палон; і хто пад меч, — пад меч. І запалю агонь у капішчах божышчаў Егіпцянаў; і ён спаліць іх, а гэтых возьме ў палон, і апранецца ў зямлю Егіпецкую, як пастух апранаецца ў вопратку сваю, і выйдзе адтуль спакойна; і паб'е статуі ў Бэтсамісе, што ў зямлі Егіпецкай, і капішчы божышчаў Егіпецкіх спаліць агнём. Слова, якое было Ерамію пра ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Егіпецкай і пасяліліся ў Магдоле і Тафнісе, і ў Нофе, і ў зямлі Патрос: Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы бачылі ўсё бедства, якое Я навёў на Ерусалім і на ўсе гарады Юдэйскія; вось, яны цяпер пустыя, і ніхто ня жыве ў іх, за бязбожнасьць іхнюю, якую яны чынілі, гневаючы Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні вы, ні бацькі вашыя. Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, каб сказаць: «не рабеце гэтае агіднае справы, якую Я ненавіджу». Але яны ня слухаліся і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй бязбожнасьці, не кадзіць іншым багам. І вылілася лютасьць Мая і гнеў Мой і разгарэлася ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма; і яны зрабіліся развалінамі і пустыняю, як бачыце сёньня. І сёньня так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: навошта вы робіце гэта вялікае зло душам вашым, вынішчаючы ў сябе мужчын і жанчын, дарослых дзяцей і немаўлят з асяродзьдзя Юдэі, каб не пакінуць у сябе астатку, гневаючы Мяне вырабам рук сваіх, каджэньнем іншым багам у зямлі Егіпецкай, куды вы прыйшлі жыць, каб загубіць сябе і зрабіцца праклёнам і паганьбеньнем ва ўсіх народаў зямлі? Хіба вы забылі бязбожнасьць бацькоў вашых і бязбожнасьць цароў Юдэйскіх, вашу ўласную бязбожнасьць і бязбожнасьць жанчын вашых, якую яны чынілі ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерусаліма? Ня зьмірыліся яны да сёньняшняга дня, і не баяцца і ня ўчыняюць паводле закона Майго і паводле пастановаў Маіх, якія Я даў вам і бацькам вашым. Таму так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вось, Я павярну супроць вас аблічча Маё на пагібель і на вынішчэньне ўсёй Юдэі і вазьму рэшту Юдэяў, якія павярнулі аблічча сваё, каб ісьці ў зямлю Егіпецкую і жыць там, і ўсе яны будуць вынішчаны, загінуць у зямлі Егіпецкай; мечам і голадам будуць вынішчаны; ад малога і да старога памруць ад меча і голаду, і будуць праклёнам і жахам, асудаю і паганьбеньнем. Наведаю тых, што жывуць у зямлі Егіпецкай, як Я наведаў Ерусалім, мечам і голадам, паморкам і згубнай пошасьцю, і ніхто ня ўнікне і не ацалее з рэшты Юдэяў, што прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там і потым вярнуцца ў зямлю Юдэйскую, куды яны ўсёю душою хочуць вярнуцца, каб жыць там; ніхто ня вернецца, акрамя тых, якія ўцякуць адтуль. І адказвалі Ерамію ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць іншым багам, і ўсе жанчыны, што стаялі там у вялікім мностве, і ўвесь люд, які жыў у зямлі Егіпецкай, у Патросе, і сказалі: «словы, якія ты казаў нам імем Госпада, мы ня слухаем ад цябе; але канечне будзем рабіць усё тое, што выйшла з вуснаў нашых, каб кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньні, як мы рабілі, мы і бацькі нашыя, цары нашыя і князі нашыя, у гарадах Юдэі і на вуліцах. А з таго часу, як перасталі мы кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньне, церпім ва ўсім нястачу і гінем ад меча і голаду. І калі мы кадзілі багіні неба і вылівалі ёй выліваньні, дык хіба бязь ведама мужоў нашых рабілі мы ёй піражкі з выяваю яе і вылівалі ёй выліваньні»? Тады сказаў Ерамія ўсяму люду, мужчынам і жанчынам, і ўсяму люду, які так адказаў яму: «ці ж ня гэта каджэньне, якое чынілі вы ў гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, вы і бацькі вашыя, цары вашыя і князі вашыя, і народ краіны, спамянуў Гасподзь? І ці не яно ўзышло Яму на сэрца? Гасподзь ня мог болей трываць ліхіх дзеяў вашых і гідотаў, якія вы рабілі; таму і зрабілася зямля ваша пустыняю і жахам, і праклёнам, без жыхароў, як бачыце сёньня. Як бо вы, учыняючы тое курэньне, грашылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Госпада, і не паводзіліся паводле закона Ягонага і паводле пастановаў Ягоных, і паводле загадаў Ягоных, дык і спасьцігла вас гэтая бяда, як бачыце сёньня». І сказаў Ерамія ўсяму народу і ўсім жанчынам: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай: Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы і жонкі вашыя, што вуснамі сваімі гаварылі тое і рукамі сваімі рабілі; вы кажаце: «будзем выконваць зарокі нашыя, якія мы давалі, каб кадзіць багіні неба і паліваць ёй паліваньне», — цьвёрда трымайцеся зарокаў вашых і дакладна выконвайце зарокі вашыя. Затое выслухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія жывуць у зямлі Егіпецкай: вось, Я запрысягнуўся вялікім імем Маім, кажа Гасподзь, што ня будзе ўжо на ўсёй зямлі Егіпецкай вымаўляцца імя Маё вуснамі якога-небудзь Юдэя, які кажа: «жывы Гасподзь Бог!» Вось Я буду сачыць за вамі на пагібель, а не на дабро; і ўсе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай, будуць гінуць ад меча і голаду, пакуль зусім ня вынішчацца. Толькі невялікі лік тых, што пазьбегнуць меча, вернуцца зь зямлі Егіпецкай у зямлю Юдэйскую, і даведаюцца ўсе пазасталыя Юдэі, якія прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там, чыё слова збудзецца, Маё, ці іхняе. І вось вам азнака, кажа Гасподзь, што Я наведаю вас на гэтым месцы, каб вы ведалі, што збудуцца словы Мае пра вас на пагібель вам. Так кажа Гасподзь: вось, Я аддам фараона Вафрыя, цара Егіпецкага, у рукі ворагам ягоным і ў рукі шукальнікам душы ягонай, як аддаў Сэдэкію, цара Юдэйскага, у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, ворагу ягонаму і шукальніку душы ягонай.
Выбор основного перевода