Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Другая Летапісаў
Параллельные места
На трэці год Ёсафат, цар Юдэйскі, пайшоў да цара Ізраільскага. І сказаў цар Ізраільскі слугам сваім: ці ведаеце вы, што Рамот Галаадскі наш? а мы так доўга маўчым, і не бяром яго з рук цара Сірыйскага. І сказаў ён Ёсафату: ці пойдзеш ты са мною на вайну супроць Рамота Галаадскага? І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: як ты, так і я; як твой народ, так і мой народ; як твае коні, так і мае коні. І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь. І сабраў цар Ізраільскі прарокаў каля чатырохсот чалавек і сказаў ім: ці ісьці мне вайною на Рамот Галаадскі, ці не? Яны сказалі: ідзі, Гасподзь аддасьць яго ў рукі цара. І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга, каб нам папытацца празь яго ў Госпада? І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна папытацца ў Госпада, але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое; гэта Міхей, сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы, цар, так. І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая. Цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сядзеньні сваім, апранутыя ў царскае ўбраньне, на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі. І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Ханааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: гэтымі збудзеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх. І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі, будзе посьпех, Гасподзь перадасьць яго ў руку цара. Пасланы, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, словы прарокаў адзінагалосна прадказваюць цару добрае; хай бы і тваё слова было сугалоснае са словам кожнага зь іх; скажы і ты добрае. І сказаў Міхей: жывы Гасподзь! я скажу тое, што скажа мне Гасподзь. І прыйшоў ён да цара. Цар сказаў яму: Міхей! ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не? І сказаў яму той: ідзі, будзе посьпех, Гасподзь аддасьць яго ў руку цара. І сказаў яму цар: яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада. І сказаў ён: я бачу ўсіх Ізраільцянаў, расьсеяных па гарах, як авечак, у якіх няма пастуха. І сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, няхай вяртаюцца зь мірам кожны ў дом свой. І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое? І сказаў Міхей: выслухай слова Гасподняе: я бачыў Госпада на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго; і сказаў Гасподзь: хто схіліў бы Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш; і выступіў адзін дух, стаў перад абліччам Госпада і сказаў: я схілю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым? Ён сказаў: я выйду і зраблюся духам ілжывым у вуснах усіх прарокаў ягоных. Гасподзь сказаў: ты схіліш яго і выканаеш гэта; ідзі і зрабі так. І вось цяпер дапусьціў Гасподзь духа ілжывага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх; але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае. І пайшоў Сэдэкія, сын Хэнааны і, ударыўшы Міхея па шчацэ, сказаў: як, няўжо ад мяне адышоў Дух Гасподні, каб гаварыць у табе? І сказаў Міхей: вось, ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з аднаго пакоя ў другі, каб схавацца. І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына царовага, і скажэце: так кажа цар: пасадзеце яго ў цямніцу і кармеце яго надгаладзь хлебам і надгаладзь вадою, пакуль я не вярнуся ў міры. І сказаў Міхей: калі вернешся ў міры, дык не Гасподзь гаварыў празь мяне. І сказаў: слухай, увесь народ! І пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага. І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень тваё царскае ўбраньне. І пераапрануўся цар Ізраільскі і ўступіў у бітву. Сірыйскі цар загадаў начальнікам калясьніц, якіх у яго было трыццаць два, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім. Начальнікі калясьніц, убачыўшы Ёсафата, падумалі: мусіць, гэта цар Ізраільскі, і павярнулі на яго, каб біцца зь ім. І закрычаў Ёсафат. Начальнікі калясьніц, бачачы, што гэта ня Ізраільскі цар, павярнулі ад яго. А адзін чалавек выпадкова напяў лук і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён свайму калясьнічаму: павярні назад і вывезі мяне з войска, бо я паранены. Але бітва ў той дзень узмацнілася, і цар стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў, і ўвечары памёр, і кроў з раны лілася на калясьніцу.
Выбор основного перевода