Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Параллельные места
Калі ж не паслухаецеся Мяне і ня будзеце выконваць усіх наказаў гэтых, і калі пагардзіце Маімі пастановамі, і калі душа вашая пагрэбуе Маімі законамі, так што вы ня будзеце выконваць усіх наказаў Маіх, парушыўшы запавет Мой, — дык Я зраблю з вамі так: пашлю на вас жудасьць, чэзласьць і гарачку, ад якіх стомяцца вочы і вымучыцца душа, і будзеце сеяць насеньне вашае марна, і ворагі вашыя зьядуць яго; павярну аблічча Маё на вас, і будзеце перад ворагамі вашымі, і будуць валадарыць над вамі непрыяцелі вашыя, і пабяжыце, калі ніхто ня гнацьмецца за вамі. І калі пры ўсім гэтым не паслухаецеся Мяне, дык Я сямікроць павялічу пакараньне за грахі вашыя, і зламаю ганарыстую зацятасьць вашую, і неба вашае зраблю, як жалеза, і зямлю вашую, як медзь; і марна будзе вычэрпвацца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць парасьліны сваёй, і дрэвы зямлі не дадуць пладоў сваіх. А калі пойдзеце супроць Мяне і не захочаце слухацца Мяне, дык Я дадам вам удараў сямікроць за грахі вашыя: пашлю на вас зьвяроў польных, якія пазбавяць вас дзяцей, зьнішчаць быдла ваша і вас паменшаць, так што апусьцеюць дарогі вашыя. Калі і пасьля гэтага не паправіцеся і пойдзеце супроць Мяне, дык і Я пайду супроць вас і пабэю вас сямікроць за грахі вашыя, і навяду на вас помсны меч у адплату за запавет; калі ж пахаваецеся ў гарады вашыя, дык пашлю на вас пошасьць, і аддадзены будзеце ў рукі ворага; хлеб, які мацуе чалавека, зьнішчу ў вас; дзесяць жанчын будуць пячы хлеб ваш у адной печы і аддавацьмуць хлеб ваш на вагу; вы будзеце есьці і ня будзеце сытыя. А калі і пасьля гэтага не паслухаецеся Мяне і пойдзеце супроць Мяне, дык і Я ў лютасьці пайду супроць вас і пакараю вас сямікроць за грахі вашыя, і будзеце есьці плоць сыноў вашых, і плоць дочак вашых есьцімеце: спустошу вышыні вашыя, і разбуру слупы вашыя, і скіну трупы вашыя на руіны ідалаў вашых, і пагрэбуе душа Мая вамі; гарады вашыя зраблю пустыняю, і спустошу сьвятыні вашыя, і ня буду нюхаць прыемнай духмянасьці ахвяраў вашых; і спустошу зямлю вашу, так што зьдзівяцца зь яе ворагі вашы, што пасяліліся на ёй; а вас расьсею сярод народаў і агалю сьледам за вамі меч, і будзе зямля ваша пустая і гарады вашы разбураныя. Тады адшкадуе сябе зямля за суботы свае ва ўсе дні запусьценьня свайго; а калі вы будзеце ў зямлі ворагаў вашых, тады будзе пакоіцца зямля і адшкадуе сябе за суботы свае; ва ўсе дні запусьценьня будзе яна пакоіцца, колькі не пакоілася ў суботы вашыя, калі вы жылі на ёй. Астаткам вашым пашлю ў сэрца баязьлівасьць у зямлі ворагаў іхніх, і шум трапятаньня ліста пагоніць іх, і пабягуць як ад меча, і ўпадуць, калі ніхто не даганяе, і спатыкнуцца адзін аб аднаго, як ад меча, тым часам як ніхто не даганяцьме, і ня будзе ў вас сілы супроцьстаяць ворагам вашым; і загінеце сярод народаў, і зжарэ вас зямля ворагаў вашых; а астаткі вашыя счэзнуць за свае беззаконьні ў землях ворагаў вашых і за беззаконьні бацькоў сваіх счэзнуць; А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе. Пракляты ты будзеш у горадзе і пракляты ты будзеш у полі. Праклятыя будуць засекі твае і кладоўкі твае. Пракляты будзе плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод тваіх валоў і плод авечак тваіх. Пракляты ты будзеш пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім. Пашле Гасподзь на цябе праклён, затлуму і няшчасьце ва ўсякай дзеі рук тваіх, якую пачнеш рабіць, пакуль ня будзеш зьнішчаны, — і ты неўзабаве загінеш за ліхія дзеі твае, за тое, што ты пакінуў Мяне. Пашле Гасподзь на цябе згубную пошасьць, пакуль ня вынішчыць Ён цябе зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю. Паб'е цябе Гасподзь сухотамі, гарачкаю, трасцаю, запаленьнем, засухаю, палючым ветрам ды іржою, і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш. І нябёсы твае, якія над галавою тваёю, зробяцца медзьдзю, і зямля пад табою жалезам; замест дажджу Гасподзь дасьць зямлі тваёй пыл, і попел зь неба будзе падаць, падаць на цябе, пакуль ня будзеш зьнішчаны. Аддасьць цябе Гасподзь на паразу ворагам тваім; адною дарогаю выступіш супроць іх, а сямю дарогамі пабяжыш ад іх; і будзеш расьсеяны па ўсіх царствах зямлі. І будуць трупы твае ежаю ўсім птушкам нябесным і зьвярам, і ня будзе каму адагнаць іх. Паб'е цябе Гасподзь праказаю Егіпецкаю, пранцамі, каростаю і сьвербам, ад якіх ты ня зможаш вылечыцца; паб'е цябе Гасподзь варэяцтвам, сьлепатою і дранцьвеньнем сэрца, і ты хадзіцьмеш навобмацак апалудні, як сьляпы навобмацак ходзіць поначы, і ня мецьмеш посьпеху на дарогах тваіх, і будуць уціскаць і крыўдзіць цябе штодня, і ніхто не абароніць цябе. З жонкаю заручышся, і іншы будзе спаць зь ёю; дом пабудуеш, і ня жыцьмеш у ім; вінаграднік пасадзіш і ня будзеш карыстацца ім. Вала твайго заколюць на вачах у цябе, і ня будзеш есьці яго; асла твайго зьвядуць ад цябе і ня вернуць табе; авечкі твае аддадзены будуць ворагам тваім, і ніхто не абароніць цябе. Сыны твае і дочкі твае аддадзены будуць іншаму народу; вочы твае будуць бачыць і кожны дзень будуць кволець, і ня будзе сілы ў руках тваіх. Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю будзе есьці народ, якога ты ня ведаў; і цябе будуць толькі ўціскаць і мучыць усе дні. І страціш розум ад таго, што пабачаць вочы твае. Паб'е цябе Гасподзь ліхою праказаю на каленях і на галенях, ад якой ты ня зможаш вылечыцца, ад падэшвы нагі тваёй да самага цемені галавы тваёй. Завядзе Гасподзь цябе і цара твайго, якога ты паставіш над сабою, да народу, якога ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, і там служыцьмеш іншым багам, драўняным і каменным; І будзеш жудасьцю, прытчаю і пасьмешышчам усім народам, да якіх завядзе цябе Гасподзь. Насеньня многа вынесеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць іх саранча. Вінаграднікі будзеш садзіць і ўрабляць, а віна ня піцьмеш і не зьбярэш пладоў, бо паесьць іх чарвяк. Масьліны будуць у цябе ва ўсіх межах тваіх, але алеем не памажашся, бо асыплецца масьліна твая. Сыноў і дочак народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон. Усе дрэвы твае і плады зямлі тваёй загубіць іржа. Прыхадзень, які сярод цябе, будзе ўзносіцца над табою вышэй і вышэй, а ты апускацца будзеш ніжэй і ніжэй; ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом. І прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і будуць перасьледаваць цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны, за тое, што ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго, і не захоўваў запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён наказаў табе: яны будуць азнакаю і доказам на табе і на семені тваім вавек. За тое, што ты ня служыў Госпаду, Богу твайму, з радасьцю і дабрынёю сэрца, пры надмеры ўсяго, будзеш служыць ворагу твайму, якога пашле на цябе Гасподзь, у голадзе і ў смазе, і галізьне і ва ўсякай нястачы; ён накладзе на шыю тваю жалезнае ярмо, так што змучыць цябе. Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш, народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога; і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе. І ты есьцімеш плод чэрава твайго, плод сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх Гасподзь, Бог твой, даў табе, у аблозе і ва — ціску, у якім уцісьне цябе вораг твой. Чалавек сьпешчаны, які жыў сярод вас у вялікай раскошы, зайздросьлівым вокам будзе глядзець на брата свайго, на любасную жонку сваю і на астатніх дзяцей сваіх, якія застануцца ў яго, і ня дасьць ніводнаму зь іх плоці дзяцей сваіх, якіх ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой ва ўсіх селішчах тваіх. Жанчына, якая жыла ў цябе ў песьце і раскошы, якая ніколі нагі сваёй ня ставіла на зямлю з прычыны раскошы і сьпешчанасьці сваёй, будзе зайздросьлівым вокам глядзець на любаснага мужа свайго і на сына свайго і на дачку сваю і ня дасьць пасьледу, што выходзіць спаміж ног у яе, і дзяцей, якіх яна народзіць; бо яна, пры нястачы ва ўсім, таемна есьціме іх, у аблозе і ва ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой у селішчах тваіх. Калі ня будзеш старацца выконваць усе словы закона гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца славутага і страшнага імя Госпада, Бога твайго, дык Гасподзь пабэе цябе і нашчадкаў тваіх нязвычайнымі пошасьцямі, пошасьцямі вялікімі пастаяннымі, і хваробамі ліхімі і пастаяннымі; і навядзе на цябе ўсе пошасьці Егіпецкія, якіх ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе; і ўсякую хваробу і ўсякую пошасьць не напісаную ў кнізе закона гэтага Гасподзь навядзе на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны; і застанецца вас нямнога, тым часам калі ў мностве вы былі падобныя да зорак нябесных, бо ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго. І як радаваўся Гасподзь робячы вам дабро і памнажаючы вас, губячы вас і зьнішчаючы вас, і выкінутыя будзеце зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю. І расьсее цябе Гасподзь па ўсіх народах, ад краю зямлі да краю зямлі, і будзеш там служыць іншым багам, якіх ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, дрэву і камяням. Але і сярод гэтых народаў не супакоішся і ня будзе месца спакою назе тваёй, і Гасподзь дасьць табе там баязьлівае сэрца, цьмяныя вочы і зьнемажэньне душы; жыцьцё тваё вісецьме перад табою, і будзеш дрыжаць уначы і ўдзень і ня будзеш пэўны за жыцьцё тваё; ад дрыжаньня сэрца твайго, якім ты будзеш ахоплены, і ад таго, што будзеш бачыць вачыма тваімі, раніцай ты скажаш: «о, калі б зьвечарэла!», а ўвечары скажаш: «о, калі б разьвіднела!». І верне цябе Гасподзь у Егіпет на караблях той дарогаю, пра якую я сказаў табе: «больш ты ня ўбачыш яе»; і там будзеце прадавацца ворагам вашым у рабоў і ў рабыняў, і ня будзе пакупца. [Ёд] Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, — усе народы, што забываюць Бога, І ўвесь Ізраіль пераступіў праз закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухацца голасу Твайго; і за тое выліліся на нас праклён і прысяга, якія напісаны ў законе Майсея, раба Божага; бо мы зграшылі перад Ім.
Выбор основного перевода