І склаў змову супроць яго раб ягоны Замврый, які начальнічаў над палавінай калясьніц. Калі ён у Тырцы напіўся дап'яна ў доме Арсы, які начальнічаў над палацам у Тырцы,
тады ўвайшоў Замврый, пабіў яго і забіў, у дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, і зацараваў замест яго.
Калі ён зацараваў і сеў на троне ягоным, дык вынішчыў увесь дом Ваасы, не пакінуўшы яму ні таго, хто мочыцца да сьцяны, ні сваякоў ягоных, ні сяброў ягоных.
І зьнішчыў Замврый увесь дом Ваасаў, па слове Госпада, якое Ён мовіў пра Вааса празь Іуя прарока,
за ўсе грахі Ваасы і за грахі Ілы, сына ягонага, якія яны самі рабілі і якімі ўводзілі Ізраіля ў грэх, раздражняючы Госпада Бога Ізраілевага сваімі ідаламі.
Астатнія дзеі Ілы, усё, што ён зрабіў, апісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
У дваццаць сёмы год Асы, цара Юдэйскага, зацараваў Замврый і валадарыў сем дзён у Тырцы, Калі народ аблажыў Гаватон Філістымскі.
Калі народ-абложнік дачуўся, што Замврый склаў змову і забіў цара, дык усе Ізраільцяне паставілі царом Амврыя, ваеначальніка над Ізраілем, у той самы дзень у табары.
І адступілі Амврый і ўсе Ізраільцяне зь ім ад Гаватона і аблажылі Тырцу.
Калі ўбачыў Замврый, што горад узяты, увайшоў ва ўнутраны пакой царскага дома і запаліў за сабою царскі дом агнём і загінуў
за свае грахі, у чым ён зграшыў, робячы благое перад вачыма Гасподнімі, ходзячы шляхам Ераваама і ў грахах ягоных, якія той учыніў, каб увесьці Ізраіля ў грэх.
Астатнія дзеі Замврыя і змова ягоная, якую — ён склаў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.