Выбор основного перевода
Открыть комментарий или сравнить с другим переводом
Выбор книги основного перевода
Чацьвёртая Царстваў
Параллельные места
На васямнаццатым годзе цараваньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і дома Божага, ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю начальніка горада і Ёаха, сына Ёахазавага, дзеяпісальніка, аднавіць дом Госпада Бога свайго. І прыйшлі яны да Хэлкіі першасьвятара і аддалі срэбра, прынесенае ў дом Божы, якое лявіты, якія стаяць на варце каля парога, сабралі з рук Манасіі і Яфрэма, і ўсіх іншых Ізраільцянаў, і ад усяго Юды і Веньяміна і ад жыхароў Ерусаліма, і аддалі ў рукі майстрам работ, што прыстаўленыя да дома Гасподняга, каб яны раздавалі яго работнікам, якія працуюць у доме Гасподнім на папраўленьні і аднаўленьні дома. І яны раздавалі цесьлярам і будаўнікам на куплю часанага каменю і дрэва на зьвязь і пакрыцьцё будынкаў, якія спустошылі цары Юдэйскія. Людзі гэтыя дзеялі сумленна ў працы, і дзеля нагляду над імі былі пастаўлены Яхат і Авадыя, лявіты з сыноў Мэрарыных, і Захар і Мэшулам з сыноў Каатавых, і ўсе лявіты, якія ўмелі граць на музычных спарудах. Яны ж былі прыстаўнікамі над насільшчыкамі і назіралі за ўсімі работнікамі ў кожнай працы; а зь лявітаў былі і пісцы, і наглядчыкі, і брамнікі. Калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, тады Хэлкія сьвятар знайшоў кнігу закона Гасподняга, дадзеную рукою Майсея. І пачаў Хэлкія, і сказаў Шафану пісцу: кнігу закона знайшоў я ў доме Гасподнім. І падаў Хэлкія тую кнігу Шафану. І панёс Шафан кнігу да цара, і прынёс пры гэтым цару вестку: усё, што даручана рабам тваім, яны робяць; і высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім і перадалі яго ў рукі прыстаўнікам і ў рукі майстрам работ. І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Хэлкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом. Калі пачуў цар слова закона, дык падраў вопратку на сабе. І даў цар загад Хэлкію і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Аўдону, сыну Міхея, і Шафану пісцу, і Асаю, слузе царскаму, кажучы: ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за пазасталых у Ізраіля і за Юду пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Госпада, які загарэўся на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова Гасподняга, каб дзеяць паводле ўсяго напісанага ў кнізе гэтай. І пайшоў Хэлкія і тыя, якія ад цара, да Алданы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Таўкегата, сына Хасры, захавальніка вопраткі, — а жыла яна ў другой частцы Ерусаліма, — і гаварылі зь ёю пра гэта. І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце таму чалавеку, які паслаў вас да мяне, так кажа Гасподзь: вось Я навяду бедства на месца гэтае і на жыхароў яго ўсе праклёны, напісаныя ў кнізе, якую чыталі перад абліччам цара Юдэйскага, за тое, што яны пакінулі Мяне і дымілі багам іншым, каб гнявіць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх. І гнеў Мой загарыцца над месцам гэтым і не патухне. І цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, дык скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў: таму што зьмягчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Богам, пачуўшы словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў яго, — і ты ўпакорыўся прад Мною, і падраў вопратку на сабе, і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь. Вось Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў яго. І прынесьлі цару адказ.
Чацьвёртая Царстваў
Выбор основного перевода