А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе.
Пракляты ты будзеш у горадзе і пракляты ты будзеш у полі.
Праклятыя будуць засекі твае і кладоўкі твае.
Пракляты будзе плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод тваіх валоў і плод авечак тваіх.
Пракляты ты будзеш пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.
Пашле Гасподзь на цябе праклён, затлуму і няшчасьце ва ўсякай дзеі рук тваіх, якую пачнеш рабіць, пакуль ня будзеш зьнішчаны, — і ты неўзабаве загінеш за ліхія дзеі твае, за тое, што ты пакінуў Мяне.
Пашле Гасподзь на цябе згубную пошасьць, пакуль ня вынішчыць Ён цябе зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.
Паб'е цябе Гасподзь сухотамі, гарачкаю, трасцаю, запаленьнем, засухаю, палючым ветрам ды іржою, і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.
І нябёсы твае, якія над галавою тваёю, зробяцца медзьдзю, і зямля пад табою жалезам;
замест дажджу Гасподзь дасьць зямлі тваёй пыл, і попел зь неба будзе падаць, падаць на цябе, пакуль ня будзеш зьнішчаны.
Аддасьць цябе Гасподзь на паразу ворагам тваім; адною дарогаю выступіш супроць іх, а сямю дарогамі пабяжыш ад іх; і будзеш расьсеяны па ўсіх царствах зямлі.
І будуць трупы твае ежаю ўсім птушкам нябесным і зьвярам, і ня будзе каму адагнаць іх.
Паб'е цябе Гасподзь праказаю Егіпецкаю, пранцамі, каростаю і сьвербам, ад якіх ты ня зможаш вылечыцца;
паб'е цябе Гасподзь варэяцтвам, сьлепатою і дранцьвеньнем сэрца,
і ты хадзіцьмеш навобмацак апалудні, як сьляпы навобмацак ходзіць поначы, і ня мецьмеш посьпеху на дарогах тваіх, і будуць уціскаць і крыўдзіць цябе штодня, і ніхто не абароніць цябе.
З жонкаю заручышся, і іншы будзе спаць зь ёю; дом пабудуеш, і ня жыцьмеш у ім; вінаграднік пасадзіш і ня будзеш карыстацца ім.
Вала твайго заколюць на вачах у цябе, і ня будзеш есьці яго; асла твайго зьвядуць ад цябе і ня вернуць табе; авечкі твае аддадзены будуць ворагам тваім, і ніхто не абароніць цябе.
Сыны твае і дочкі твае аддадзены будуць іншаму народу; вочы твае будуць бачыць і кожны дзень будуць кволець, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю будзе есьці народ, якога ты ня ведаў; і цябе будуць толькі ўціскаць і мучыць усе дні.
І страціш розум ад таго, што пабачаць вочы твае.
Паб'е цябе Гасподзь ліхою праказаю на каленях і на галенях, ад якой ты ня зможаш вылечыцца, ад падэшвы нагі тваёй да самага цемені галавы тваёй.
Завядзе Гасподзь цябе і цара твайго, якога ты паставіш над сабою, да народу, якога ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, і там служыцьмеш іншым багам, драўняным і каменным;
І будзеш жудасьцю, прытчаю і пасьмешышчам усім народам, да якіх завядзе цябе Гасподзь.
Насеньня многа вынесеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць іх саранча.
Вінаграднікі будзеш садзіць і ўрабляць, а віна ня піцьмеш і не зьбярэш пладоў, бо паесьць іх чарвяк.
Масьліны будуць у цябе ва ўсіх межах тваіх, але алеем не памажашся, бо асыплецца масьліна твая.
Сыноў і дочак народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон.
Усе дрэвы твае і плады зямлі тваёй загубіць іржа.
Прыхадзень, які сярод цябе, будзе ўзносіцца над табою вышэй і вышэй, а ты апускацца будзеш ніжэй і ніжэй;
ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.
І прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і будуць перасьледаваць цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны, за тое, што ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго, і не захоўваў запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён наказаў табе:
яны будуць азнакаю і доказам на табе і на семені тваім вавек.
За тое, што ты ня служыў Госпаду, Богу твайму, з радасьцю і дабрынёю сэрца, пры надмеры ўсяго,
будзеш служыць ворагу твайму, якога пашле на цябе Гасподзь, у голадзе і ў смазе, і галізьне і ва ўсякай нястачы; ён накладзе на шыю тваю жалезнае ярмо, так што змучыць цябе.
Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш,
народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога;
і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе;
і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе.
І ты есьцімеш плод чэрава твайго, плод сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх Гасподзь, Бог твой, даў табе, у аблозе і ва — ціску, у якім уцісьне цябе вораг твой.
Чалавек сьпешчаны, які жыў сярод вас у вялікай раскошы, зайздросьлівым вокам будзе глядзець на брата свайго, на любасную жонку сваю і на астатніх дзяцей сваіх, якія застануцца ў яго,
і ня дасьць ніводнаму зь іх плоці дзяцей сваіх, якіх ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой ва ўсіх селішчах тваіх.
Жанчына, якая жыла ў цябе ў песьце і раскошы, якая ніколі нагі сваёй ня ставіла на зямлю з прычыны раскошы і сьпешчанасьці сваёй, будзе зайздросьлівым вокам глядзець на любаснага мужа свайго і на сына свайго і на дачку сваю
і ня дасьць пасьледу, што выходзіць спаміж ног у яе, і дзяцей, якіх яна народзіць; бо яна, пры нястачы ва ўсім, таемна есьціме іх, у аблозе і ва ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой у селішчах тваіх.
Калі ня будзеш старацца выконваць усе словы закона гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца славутага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,
дык Гасподзь пабэе цябе і нашчадкаў тваіх нязвычайнымі пошасьцямі, пошасьцямі вялікімі пастаяннымі, і хваробамі ліхімі і пастаяннымі;
і навядзе на цябе ўсе пошасьці Егіпецкія, якіх ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе;
і ўсякую хваробу і ўсякую пошасьць не напісаную ў кнізе закона гэтага Гасподзь навядзе на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны;
і застанецца вас нямнога, тым часам калі ў мностве вы былі падобныя да зорак нябесных, бо ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго.
І як радаваўся Гасподзь робячы вам дабро і памнажаючы вас, губячы вас і зьнішчаючы вас, і выкінутыя будзеце зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.
І расьсее цябе Гасподзь па ўсіх народах, ад краю зямлі да краю зямлі, і будзеш там служыць іншым багам, якіх ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, дрэву і камяням.
Але і сярод гэтых народаў не супакоішся і ня будзе месца спакою назе тваёй, і Гасподзь дасьць табе там баязьлівае сэрца, цьмяныя вочы і зьнемажэньне душы;
жыцьцё тваё вісецьме перад табою, і будзеш дрыжаць уначы і ўдзень і ня будзеш пэўны за жыцьцё тваё;
ад дрыжаньня сэрца твайго, якім ты будзеш ахоплены, і ад таго, што будзеш бачыць вачыма тваімі, раніцай ты скажаш: «о, калі б зьвечарэла!», а ўвечары скажаш: «о, калі б разьвіднела!».
І верне цябе Гасподзь у Егіпет на караблях той дарогаю, пра якую я сказаў табе: «больш ты ня ўбачыш яе»; і там будзеце прадавацца ворагам вашым у рабоў і ў рабыняў, і ня будзе пакупца.
І заўважыў цар Асірыйскі ў Асіі здраду, бо ён пасылаў паслоў да Сігора, цара Егіпецкага, і не дастаўляў даніны цару Асірыйскаму кожны год; і ўзяў яго цар Асірыйскі пад варту, і ўвязьніў яго ў цямніцу.
І раскіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў цянёты Мае, і завяду яго ў Вавілон, у зямлю Халдэйскую, але ён ня ўбачыць яе, і там памрэ.